Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

У Маладзечне 58-гадовую жанчыну 5 месяцаў трымаюць у ізалятары за скрадзены ў яе пашпарт?

Абуральную гісторыю апісала ў сваім ФБ грамадская актывістка Вольга Кавалькова.

Паводле Вольгі Кавальковай, падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту за акцыю ў Маладзечне яна пазнаёмілася там з жанчынай, што сядзіць у ізалятары яшчэ са снежня:

«На жаль, у нашай краіне такая гісторыя адна з многіх. Проста мы пра іх не ведаем. Яе клічуць Домніна Алена Мікалаеўна, яна яшчэ і ня бабуля зусім — ёй 58 гадоў, проста яе там усё называлі бабуля. Яна грамадзянка Расіі, замужам за беларусам ўжо 30 гадоў, жыве ў Радашковічах, у яе ёсць дачка і ўнукі, яны жывуць у г. Казань.

Аднойчы яна ехала ў аўтобусе, і ў яе парэзалі сумку, скралі пашпарт. Не адразу, але яна САМА звярнулася ў Маладзечанскі аддзел па грамадзянстве і міграцыі, а калі прыйшла праз пару месяцаў 9 снежня 2016 удакладніць вынік, то яе змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Ніякіх дакументаў пры гэтым ёй не выдалі. Яна, як чалавек, які не вельмі разбіраецца ў працэдурах, не разумела, што яна тут робіць, плакала, галадала.
За дзень да майго змяшчэння ў гэты ізалятар, а было гэта 10 сакавіка 2017, ёй прынеслі пастанову аб тым, што яе ўтрыманне ў ізалятары працягнута да верасня 2017 года. У пастанове было напісана, што 28 студзеня 2017 яны зрабілі запыт аб вырабе яе пашпарта ў расійскую амбасад. Значыць змясцілі ў ізалятар 9 снежня, а запыт зрабілі праз 2 месяцы.

Яна ніколі ў жыцці не прыцягвалася ні да якой адказнасці, жыла сабе, працавала, а зараз вымушаная ў жудасных умовах чакаць калі ёй вырабяць пашпарт. Я лічу, што гэта рэальныя катаванні.

У нашым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях ёсць артыкул 23.55 паводле якой «парушэнне замежным грамадзянінам правілаў знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, то бок знаходжанне ў краіне без пашпарта, цягне папярэджанне з дэпартацыяй або без дэпартацыі або накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь з дэпартацыяй або без дэпартацыі».

З яе слоў інспектар аддзела міграцыі сказаў, што яе дэпартуюць на 1 год, калі вырабяць пашпарт. А да гэтага яна будзе сядзець у ізалятары. Пасадзілі супер небяспечнага злачынцу (((Слоў проста няма. Калі гэта будзе летам, то ў зімовых рэчах адразу з ізалятара яе адвязуць на мяжу, а там бабуля — як ведаеш, дабірайся без грошай да Казані. Хлопцы, гэта трэш. Чаму не далі проста папярэджанне, бо чалавек сам звярнуўся. Самае скоцкае, што потым гэты інспектар ёй сказаў: «Бабуля, можна было цябе і не зачыняць». Разумееце якое гэта, сядзець там рэальна няма за што, не ведаць, калі ты адсюль выйдзеш і куды, і кожны дзень есці гэтыя сінія хлебныя катлеты.

Сёння 12 траўня я была ў Маладзечне, бабуся яшчэ там, ужо 5 месяцаў, значыць пашпарты яшчэ няма — Саюзная дзяржава так бы мовіць у дзеянні.

Я адвезла ёй цэлы пакет усякай ежы, прынялі, прыемна здзівіліся, што я важу ёй перадачы. Але гэта тое малое, што я магу зрабіць для канкрэтнага чалавека, каб яго жыццё хоць на некалькі дзён стала лягчэй, і ён ведаў, што пра яго думаюць і імкнуцца дапамагчы.

У Беларусі ніколі не ведаеш калі, але ж усё роўна можаш апынуцца закладнікам гэтай дурной сістэмы. Таму мы павінны з ёй змагацца і дапамагаць адзін аднаму».

Гэтая гісторыя абурыла дзясяткі людзей, якія пісалі каментары і перапошчвалі допіс Вольгі Кавальковай. Рэакцыі дзяржаўных органаў на апісаную гісторыю пакуль не было.

Каментаваць