У Маладзечне рыхтуецца да суду справа аб перакрыцці дарогі

Маладзечанскім раённым аддзелам Следчага камітэта завершанае расследаванне крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак і пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту, паведаміў sk.gov.by.
Фота: mlyn.bу

Фота: mlyn.bу

21 лістапада мінулага года каля 10:00 некалькі чалавек ва ўзросце ад 20 да 33 гадоў выйшлі на праезную частку вуліцы Вялікі Гасцінец у Маладзечне і расцягнулі плакат, перакрыўшы рух транспарту. Праз некалькі хвілін яны сышлі, піша mlyn.by.

Паводле звестак следства, абвінавачаныя загадзя размеркавалі ролі і абмяркоўвалі правядзенне акцыі ў чаце мэсенджара Telegram. Так, 40-гадовая жанчына з адрэзка матэрыі зрабіла банер, куды нанесла надпіс радыкальнай накіраванасці. Далей група людзей выйшла на пешаходны пераход і расцягнула плакат. Яшчэ адзін мужчына назіраў за навакольным становішчам, каб не даць магчымасці праваахоўнікам затрымаць фігурантаў.

Сваімі дзеяннямі абвінавачаныя перашкаджалі ўдзельнікам дарожнага руху, блакавалі праезд грамадскага, спецыяльнага і іншага транспарту.

Следчымі былі дапытаныя абвінавачаныя, пацярпелыя і сведкі. Відэазапісы з камер назірання, на якіх зафіксаваныя абставіны здзяйснення злачынства, таксама далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы. У мабільным тэлефоне аднаго з фігурантаў выяўленая перапіска, у якой удзельнікамі абмяркоўвалася неабходнасць накіравання фотаздымкаў у Telegram-каналы, а таксама магчымасць правядзення новых падобных акцый.

Двое з шасці падазраваных па справе прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі.
Гэта Рыгор Саладоўнікаў і Дзмітрый Карабейнік. Да суда яны змешчаныя ў следчую турму №8 у Жодзіна.

Падчас ператрусу ў падвале ў аднаго з мужчын канфіскаваны банер з надпісам, які выкарыстоўваецца пры здзяйсненні злачынства, па месцы працы адной з жанчын — фарба.

На допыце пяцёра абвінавачаных далі прызнальныя паказанні, 40-гадовая жанчына адказваць адмовілася. Ёй выстаўленае абвінавачанне паводле ч.6 арт. 16, ч.1 арт. 342 («Дапамога ў актыўных групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і пацягнулі парушэнне працы транспарту, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства») Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Дзеянні кожнага з пяці іншых фігурантаў кваліфікаваныя паводле ч.1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Да дзвюх жанчын прымененая мера стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва, да двух мужчын — падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах, яшчэ двое былі заключаныя пад варту.

Расследаванне крымінальнай справы завершана. Матэрыялы перададзеныя для накіравання ў суд.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: