У Маладзечне звальняюць дырэктара школы, на ўчастку якога ў жніўні перамагла Ціханоўская

1 красавіка ў рэдакцыю TUT.BY звярнуліся ўсхваляваныя бацькі, якія даведаліся аб звальненні дырэктара школы №5 у горадзе Маладзечна. Па тэлефоне Яўген Макарэвіч пацвердзіў інфармацыю аб тым, што сыходзіць са школы.
У жніўні ён быў старшынёй выбарчай камісіі на ўчастку, дзе перамогу атрымала Ціханоўская (741 голас супраць 620 у Лукашэнкі). Пасля абвяшчэння вынікаў дырэктар школы заявіў, што адмаўляцца ад іх не мае намеру, і напісаў заяву аб звальненні.

«Скажам так, маё рашэнне было спантанным, ужо пасля падліку галасоў... Але, як бачыце, я зараз у школе. Працую, не звольнены», — казаў ён тады.

Са школы дырэктара не адпусцілі: у мясцовым упраўленні адукацыі заявілі, што пасля выбараў нікога звальняць не будуць: «Што тычыцца Макарэвіча, то ніхто не будзе звальняць чалавека, якому застаецца да пенсіі паўтара года < ... > У кіраўніцтва ўпраўлення няма ніякіх прэтэнзій ні да аднаго з дырэктараў школ. Усе яны ў ранейшым складзе павінны выйсці на працу 1 верасня».

Праз паўгода бацькі паведамілі: іх любімага дырэктара ўсё ж хочуць звольніць. Мы патэлефанавалі Яўгену Макарэвічу, каб удакладніць, ці праўда гэта.

— Так, гэта праўда. Але несправядлівасці няма, я ж сам напісаў заяву на звальненне 9 жніўня. І вось цяпер гэтая заява знайшлася, — не без іроніі адзначае суразмоўца. — Наогул я ў адпачынку да 9 красавіка. Пакуль быў у адпачынку, вось так распарадзіліся ва ўпраўленні.

Кантракт у Яўгена Макарэвіча падпісаны да жніўня 2022-га, але па пагадненні бакоў ён сыходзіць 1 красавіка.

Чаму з ім вырашылі расстацца менавіта зараз, дырэктар не ведае.

— Я са жніўня быў гатовы, што калі-небудзь прыйдзе час, проста не ведаў калі. Па працы да мяне не было прэтэнзій. Чаму так вырашылі зараз, не ведаю. Але я не падпісваў аніякія лісты (напрыклад, прафсаюзны. — Заўв. рэд.), нідзе не ўдзельнічаў, ні ў якіх аўтапрабегах.

Яўген Макарэвіч працаваў у школе дырэктарам 22 гады, а наогул у сістэме адукацыі ён з 1985 года. Акрамя кіраўніцкай працы выкладаў школьнікам гісторыю.

Пра далейшыя планы пакуль не думаў: «Дасць Бог дзень, дасць і ежу».

На наступным тыдні экс-дырэктар планаваў пайсці ў школу, каб развітацца з калектывам. Настаўнікі і бацькі вучняў з 5-й школы г. Маладзечна расставацца з кіраўніком не хочуць. Паводле слоў выкладчыка біялогіі Алены Парахня, сёння работнікі школы аператыўна падпісвалі ліст у падтрымку дырэктара і ўжо аднеслі яго ў райвыканкам.

— Гэта вельмі добры кіраўнік, таленавіты настаўнік, такі пісьменны... З ім заўсёды было камфортна працаваць, ён выслухае, усе праблемы вырашыць.

— Вам патлумачылі, чаму яго звальняюць?

— З калектывам пакуль ніхто не размаўляў. Нам сказалі толькі, што знайшлі яго жнівеньскую заяву. У жніўні яе страцілі, а цяпер вось знайшлі.

Распавядаючы пра дырэктара школы, бацькі таксама не шкадуюць слоў падзякі: «Дырэктар у нас класны, кожную раніцу сустракае дзяцей у школе, усе пытанні імкнецца вырашаць, на самой справе вельмі добры чалавек. Проста ў жніўні на эмоцыях напісаў гэтую заяву».

Як паведамляюць чытачы, бацькі цяпер актыўна збіраюць подпісы ў падтрымку Яўгена Макарэвіча.

— Мы дамаўляліся, што ў школе будзем збірацца для гэтага, але ўнутр сёння нікога не пускалі, — распавядае мама аднаго з вучняў Таццяна. — Некаторыя бацькі кажуць, што раніцай была міліцыя. Калі ездзіў мой муж днём, сказаў, што проста вахцёр нікога не прапускала. Зараз мы збіраем подпісы цішком, проста перадаём адно аднаму, па якім адрасе трэба ехаць, каб пакінуць подпіс.

З подпісамі бацькі маюць намер звяртацца да мясцовых улад. Аператыўна атрымаць каментар ва ўпраўленні па адукацыі Маладзечанскага райвыканкама нам не ўдалося.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: