У Мастах кот «пікетуе» з белымі і чырвонымі стужкамі. За што яго могуць пакараць па новым адміністрацыйным кодэксе?

У Мастах пяты месяц запар руды кот «праводзіць пікет» з бел-чырвона-белымі стужкамі. Па новым Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях ён можа атрымаць адразу некалькі штрафаў. Карэспандэнт Hrodna.life высветліла, што могуць паставіць яму ў віну па новай рэдакцыі КаАП, якая ўступіць у дзеянне з 1 сакавіка.
Фота: Газета Слонімская

Фота: Газета Слонімская

У жніўні пасля выбараў на лаўцы каля аднаго з дамоў на праспекце Юнацтва ў Мастах жыхары завязалі бел-чырвона-белыя стужкі. Сімвалы спачатку зрэзалі, але яны некалькі разоў вярталіся на месца. Неўзабаве гэтую лаўку аблюбаваў вялікі руды кот. Гараджане заўважылі, што ён сядзіць на лавачцы амаль увесь час, адыходзiць у падвал толькі ў непагадзь. Не спалохала «дэманстранта» нават зіма. Кот дзяжурыць каля стужачак ужо больш за чатыры месяцы, піша Газета Слонімская.

Што вядома аб новым кодэксе

Тэкст новага Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях пакуль не апублікаваны. Цяпер вядома, што ў ім будзе прадугледжана пакаранне за бел-чырвона-белыя сцягі. Так, за сцяг на балконе можна будзе атрымаць штраф да 580 рублёў (для фізічных асоб) або да 1740 рублёў (для юрыдычных асоб), піша блізкі да прэс-службы Лукашэнкі телеграм-канал «Пул першага». Канал паведамляе, што штрафаваць будуць за «забароненую сімволіку».

Па гэтай версіі кот з Мастоў зможа пазбегнуць пакарання. Прамых забаронаў на бел-чырвона-белыя сцягі няма.

«Пулу першага» супярэчыць каментар старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Па яе версіі, будуць штрафаваць за любую сімволіку, адрозную ад дзяржаўнай.

Фота: Газета Слонімская

Фота: Газета Слонімская


Забароненая сімволіка або неўстаноўленая?

«У нас ёсць дзяржаўная ўстаноўленая сімволіка, а ўсё астатняе — неўстаноўленая. Бел-чырвона-белыя сцягі, вядома, трапяць — гэта неўстаноўленая сімволіка. Яны не маюць права быць размешчаныя, — заявіла Качанава падчас прамой лініі, на якую ўдалося датэлефанавацца карэспандэнту Office life. — У нас ёсць закон, які вызначае дзяржаўную сімволіку: герб, сцяг, гімн. Усё астатняе лічыцца неўстаноўленай сімволікай. Таму за яе будуць прыцягваць да адказнасці».

Калі дакладная версія Качанавай, кату прыйдзецца расплачвацца за пікет.

У цяперашні час у беларускім заканадаўстве тэрміна «неўстаноўленая сімволіка» няма. Ёсць паняцці «дзяржаўная сімволіка», «зарэгістраваная сімволіка» і «забароненая экстрэмісцкая сімволіка». На сёння бел-чырвона-белы сцяг не адносіцца ні да адной з гэтых катэгорый. Пералік сімволікі, якая забароненая ў Беларусі згодна з Законам «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», прапісаны ў пастанове МУС РБ № 340 ад 27 снежня 2019 года. Гэта, у прыватнасці, свастыка, сцяг Трэцяга рэйха, эмблема СС і іншыя нацысцкія сімвалы.

Новы Адміністрацыйны кодэкс плануецца ўвесці ў дзеянне 1 сакавіка. Раней TUT.BY паведамляў, што ў праекце КаАП прапаноўвалі ўвесці адказнасць за выраб, выкарыстанне і распаўсюджванне сцягоў ці вымпелаў, не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку. Караць збіраліся і за незаконнае выкарыстанне плакатаў і іншых знакаў.

Як зарэгістраваць сцяг?

Каб зарэгістраваць геральдычныя сімвалы (сцяг і эмблему), трэба звярнуцца ў Міністэрства юстыцыі, падрыхтаваўшы пакет дакументаў. У двухмесячны тэрмін Геральдычны савет пры прэзідэнце правядзе афіцыйную экспертызу і прыме рашэнне. Ствараць, рэгістраваць і выкарыстоўваць сімволіку, у тым ліку і сцяг, могуць толькі зарэгістраваныя арганізацыі. Сімвалы ўносяцца ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр.

За што, акрамя сцягоў, могуць аштрафаваць па новым кодэксе

Таксама ў новым кодэксе меркавалася зрабіць больш жорсткім пакаранне за парушэнне артыкула 23.34, па якім судзяць за ўдзел у пратэсных маршах і акцыях. Аднак пры абмеркаванні праекта некаторыя дэпутаты выказваліся супраць такіх паправак.

Калі новаўвядзенні ўсё ж унеслі, то за парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў ката могуць адправіць на грамадскія працы або суткі, выпісаць штраф.

Улічваючы, што кот сыходзіў з лаўкі ў непагадзь, а потым вяртаўся, яго могуць прыцягнуць за паўторнае парушэнне таго ж артыкула.

Пакуль тэкст новага кодэкса не апублікаваны, цяжка меркаваць пра тое, што б пагражала кату за «пікет» у бел-чырвона-белых стужачак. Калі абапірацца на тое, што ўжо вядома, яму пагражае максімальнае пакаранне: штраф да 200 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт да 30 сутак.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: