У машыне брэсцкага актывіста нібыта знойдзены патроны і выбухоўка

У машыне актывіста, які змагаецца з будаўніцтвам завода АКБ, знайшлі прадметы, падобныя на патроны і выбухоўку.
Фота Рамана Кісляка, b-g.by

Фота Рамана Кісляка, b-g.by

У машыне, якой кіраваў актывіст Майсей Мазько, знайшлі прадметы, падобныя на патроны. Пра гэта паведаміў «БГ» праваабаронца Раман Кісляк, які знаходзіўся на месцы здарэння.
Відэа тут.

Па словах праваабаронцы, «Фольксваген», на якім ехаў актывіст, спынілі супрацоўнікі ДАІ ў раёне Гершон каля 15.30.

«Яны сказалі, што яго машына падобная на нейкі аўтамабіль з Высокага, пачалі правяраць машыну, папрасілі паказаць нумар на рамяні бяспекі пасажырскага пярэдняга сядзення. Убачылі ў салоне чорны пакет і спыталі, што за пакет. Мазько сказаў, што не ведае. Разгарнуў, а там прадметы, падобныя на патроны. Літаральна праз 5 хвілін под'ехалі аператыўнікі ў цывільным. Праз некалькі хвілін яны з'ехалі, а пазней пад'ехалі супрацоўнікі следчага камітэта. Зараз яны праводзяць агляд», — распавёў Кісляк ў 18.50.

Пазней стала вядома, што ў тым жа пакеце знойдзены і прадмет, падобны на выбухоўку.

Па меркаванні праваабаронцы, улады вырашылі перайсці да такіх грубых дзеянняў, як падкідванне забароненых прадметаў.

«У нас мірны пратэст, і спробы зрабіць з нас «тэрарыстаў» не пройдуць», — адзначыў Кісляк.

Паводле яго інфармацыі, машына, на якой ехаў актывіст, належыць не Мазько, а манастыру, у якім ён працуе загадчыкам гаспадаркі.

Жыхар вёскі Тэльмы Брэсцкі раёна Майсей Мазько з'яўляецца ўдзельнікам ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам. Больш за год ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацый і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.

Запуск акумулятарнага завода поўнага цыклу вытворчасці першапачаткова планаваўся ў жніўні 2018 года, потым у канцы года. Па апошніх дадзеных, першую партыю прадукцыі на акумулятарным заводзе планавалася выпусціць у сакавіку бягучага года. Па афіцыйнай інфармацыі, магутнасць прадпрыемства на пачатковым этапе складзе 1 млн акумулятараў у год, а ў далейшым будзе павялічана ў два разы.

Паводле b-g.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: