У машыне Паўла Левінава невядомыя перарэзалі тармазны шланг

Пра гэта праваабаронца паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. А потым падзяліўся падрабязнасцямі з Радыё Свабода.
Я зразумеў, што не працуюць тармазы, калі выяжджаў з двара ранкам 12 чэрвеня. Выклікаў эвакуатар, машыну адвезлі ў майстэрню. Па абедзе я прыйшоў, каб даведацца, што ж здарылася. Мне паказалі перарэзаны шланг. Я падаў заяву ў міліцыю, бо мяркую, што гэта мог быць замах на маё жыццё. 4 траўня машына прайшла поўны тэхагляд, і тады ніякіх дэфектаў тармазных шлангаў не знайшлі, — кажа Павел Левінаў.

Паводле праваабаронцы, у райаддзеле міліцыі Чыгуначнага раёну ягоную заяву прынялі не адразу. Спачатку сказалі, што гаспадару транспартнага сродку не было нанесена значнай матэрыяльнай шкоды, але Павал Левінаў настояў на сваім. Ён не выключае, што дзеянні невядомых трэба кваліфікаваць як крымінальнае злачынства.

З няспраўнымі тармазамі я мог не проста загінуць, але і забіць яшчэ колькі людзей, калі б машыну вынесла, прыкладам, на ходнікі, — кажа праваабаронца.

Па ягонай заяве праводзіцца праверка.


Паводле baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!