У Мазыры сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскага прысудзілі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Сваякоў, блізкіх і ахвочых слухачоў пусцілі толькі на агалошванне прысуду.

Руслана Парфёнава абвінавачвалі паводле ч.2 арт. 293 Крымнальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»). Наколькі можна меркаваць са звестак, якія траплялі да грамадскасці, яму ставіўся ў віну выраб металічных «вожыкаў» для спынення транспарту. Адразу пасля затрымання 8 жніўня 2020 года на тэлеканале АНТ паказалі фэйкавы сюжэт, дзе ў ролі Руслана Парфёнава знялі нейкага невядомага маладзёна.

Як распавёў сябар Руслана Андрэй, піша mozyr_for_life, на кадрах быў не Руслан, а чалавек іншага целаскладу і росту. «Руслан — здаровы, высокі, а тут нейкі хударлявы юнак, на 10 гадоў маладзейшы».

Крымінальную справу разглядаў старшыня суда Мазырскага раёна Анатоль Стрэльчанка. Мазырчукі падавалі ў суд скаргі з патрабаваннем патлумачыць прычыну абвяшчэння працэсу закрытым, аднак у адказах судовыя інстанцыі яе так і не назвалі.

На 3 сакавіка на 10 гадзін было прызначана абвяшчэнне прысуду. Але а 10-й гадзіне на пасяджэнне нікога не пускалі, хаця каля залы суда сабралися некалькі дзясяткаў чалавек. Пазней высветлілася, што ў гэты час Руслан Парфёнаў гаварыў апошняе слова.

Прысуд суддзя Стрэльчанка абвясціў толькі а 12-й гадзіне. У ім ён прызнаў Руслана Парфёнава вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт. 13 і ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі з утрыманнем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Нібыта вырабленыя Парфёнавым «металічныя вырабы» ён пастанавіў знішчыць. 

palesse.press

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: