У мікрараёне Новая Баравая адключана ацяпленне, з’явіўся чат для дапамогі жыхарам

З'явіўся чат, у якім людзі дапамагаюць жыхарам Новай Баравой. За паўтары гадзіны ў ім назбіралася больш за 10 тысяч удзельнікаў.


Жыхары Мінска адрасна прапануюць там электрарадыятары, ваду, свае кватэры для часовага знаходжання.

У мікрараёне Новая Баравая няма вады з нядзелі. Праўдападобна, хтосьці пашкодзіў засаўку ў адным з калодзежаў па магістралі падачы вады ў раён. На працягу двух дзён «Мінскводаканал» гэтую праблему вырашыць не змог, хоць звычайна такія аварыі ліквідуюцца цягам пары гадзін, зазначае «Наша Ніва».

У кампаніі «А-100 Камфорт», якая абслугоўвае раён, паведамілі, што «ў сувязі з аварыяй на кацельні ў раёне “Новая Баравая” часова будзе адсутнічаць ацяпленне. Аварыйная брыгада ўжо працуе над ліквідацыяй непаладак. Каб пазбегнуць пагаршэння сітуацыі, настойліва просім не зліваць ваду з сістэмы ацяплення. Гэта прывядзе да поўнага спынення кацельні, бо сістэма мае замкнёны контур, і пры адсутнасці водазабеспячэння яе праца не можа быць адноўлена, а значыць, у дамах не будзе ацяплення».

Праваабаронцы ў Беларускім Хельсінскім камітэце пабачылі ў гэтым палітычны падтэкст, і ўжо рыхтуюць зварот спецдакладчыку ААН па праве на ваду. Згодна з міжнародным стандартам доступ да чыстай пітной вады і санітарных паслуг з’яўляецца найважнейшай умовай жыцця і неад’емным правам чалавека. Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня БХК Алег Гулак, абураны адключэннем вады ў мікрараёне.

«Гэта парушэнне фундаментальнага права чалавека, і гэта адбываецца ў адказ на пазіцыю людзей, якія там жывуць, з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад сваіх выказванняў, свабоды слова. Гэта незаконныя метады. Гэта ўжо новае слова ў рэпрэсіях, улады выкарыстоўваюць для ціску сацыяльна-бытавыя ўмовы, што ставіць пад пагрозу і здароўе людзей, і санітарна-эпідэміялагічную сітуацыю. Людзей пазбаўляюць умоваў для нармальнага жыцця, доступу да чыстай вады. Гэта злоўжыванне і дзяржава не прымае мераў, каб гэта спыніць», — заявіў Гулак.

Мікрараён Новая Баравая пад Мінскам праславіўся сваёй палітычнай актыўнасцю яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі. Тамтэйшыя жыхары праводзілі флэшмобы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, масава запісваліся ў сябры выбарчых камісій і ў назіральнікі, ладзілі ўласныя ланцугі салідарнасці і шэсці са сцягамі.

Затрыманні АМАПам, дадатковыя патрулі міліцыі і барацьба ўладаў з масавым вывешваннем бел-чырвона-белых сцягоў сталі часткай штодзённага жыцця мікрараёну.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: