У Мінгарсавеце разгледзяць магчымасць узмацнення жорсткасці адказнасці за парушэнне правілаў выгулу сабак

У Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў плануецца разгледзець пытанне аб узмацненні жорсткасці адказнасці за парушэнне правілаў выгулу хатніх жывёл. Пра гэта паведаміў старшыня Мінгарсавета Андрэй Бугроў падчас прамой тэлефоннай лініі 23 траўня.
— Мінск — гэта еўрапейская сталіца, і стандарты жыцця ў ёй не павінны саступаць еўрапейскім. У тым ліку і калі гаворка ідзе пра выгулу хатніх жывёл. А ў нас сёння назіраецца даволі распаўсюджаная з'ява сярод гараджан выгульваць сабаку без намордніка альбо не прыбіраць за сваім гадаванцам. Узмацненне адказнасці за парушэнне санітарна-гігіенічных нормаў і правілаў выгулу сабак бачыцца мне адэкватнай мерай, якую неабходна прымаць. І мы плануем вынесці гэтае пытанне на разгляд, — растлумачыў А.Бугроў.

На праблему звярнуў увагу мінчанін, які пражывае на вул. Ясеніна. Ён паскардзіўся на тое, што шмат хто з жыхароў яго двара выгульваюць сваіх чатырохногіх без намордніка.

Старшыня Мінгарвыканкама падкрэсліў: не павінны заставацца ў баку і праваахоўныя органы.

— Калі дзяжурны супрацоўнік патрульна-паставой службы міліцыі бачыць, што гараджанін выгульвае сабаку байцоўскай пароды без намордніка , ён павінен хаця б зрабіць вуснае папярэджанне, а не праходзіць міма парушальніка, — адзначыў А.Бугроў.

Гуляць з сабакам у грамадскіх месцах можна, калі ён на кароткім ланцужку і ў намордніку, за выключэннем шчанюкоў ва ўзросце да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 сантыметраў у карку, якіх можна выводзіць на павадку без намордніка. Згодна з законам выгульваюць чатырохногіх ва ўсталяваных мясцовай уладай месцах. Даведацца пра такія пляцоўкі можна ў ЖЭУ падчас рэгістрацыі сабакі.

Існуюць і агульныя правілы прагулак, напрыклад, уладальнікам катоў і сабак забараняецца прыводзіць сваіх гадаванцаў у крамы, школы, грамадскія будынкі, паркі, скверы, на стадыёны, рынкі і інш. (выключэнне — сабакі-павадыры). Нельга гуляць з сабакам патэнцыйна небяспечных парод непаўналетнім, а таксама асобам у стане алкагольнага ап'янення. За невыкананне дадзеных нормаў грамадзяне нясуць адміністрацыйную адказнасць.

Паводле minsknews.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: