У Мінгарвыканкаме распавялі, ці збіраюцца бліжэйшым часам уключаць ацяпленне

Рэзкае пахаладанне і зніжэнне тэмпературы ў хатах выклікае заканамернае пытанне: ці не плануецца бліжэйшым часам уключыць ацяпленне?

Фота sopurrfect.com

У прэс-службе Мінгарвыканкама паведамілі, што ў цяперашні час тэхнічная магчымасць падключыць ацяпленне і ў сацыяльнай сферы, і жыллёвым фондзе забяспечаная, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Адзначаецца, што Мінгарвыканкамам маніторыць сярэднясутачную тэмпературу паветра. І калі сярэднесутачная тэмпература працягне паніжацца, будзе прынятае рашэнне пра паэтапнае ўключэнне ацяплення.

У Мінгарвыканкаме таксама нагадалі, што, у адпаведнасці з Правіламі падрыхтоўкі і правядзення асенне-зімовага перыяду энергазабеспячальнымі арганізацыямі і спажыўцамі цеплавой энергіі, уключэнне ацяплення здзяйсняецца ў наступным парадку: у медыцынскіх установах, установах сацыяльнага забеспячэння, школах і дашкольных установах, музеях, дзяржаўных архівах і бібліятэках — калі сярэднясутачная тэмпература на працягу пяці сутак будзе плюс 10° С і ніжэй. А ў жыллёвым фондзе, інтэрнатах, гасцініцах, навучальных установах — пры сярэднясутачнай тэмпературы на працягу пяці сутак плюс 8° С і ніжэй.

Між тым, у Белгідрамеце адзначылі, што на гэтым тыдні сярэднясутачная тэмпература ў Мінску была: 16 верасня — 14,3° С, 17 верасня — 10,9° С, 18 верасня — 7,9° С, 19 верасня — 8,6° С.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!