У міністэрствы ЖКГ і архітэктуры перадалі прапановы супраць ушчыльнення і забруджвання гарадоў

Па ініцыятыве Беларускай хрысціянскай дэмакратыі прайшла каардынацыйная сустрэча ініцыятыў, якія змагаюцца супраць ушчыльнення ў Мінску і супраць будаўніцтва шкодных вытворчасцей у гарадах у рэгіёнах.

Віталь Рымашэўскі распавёў:

— Мэта гэтай сустрэчы — сабраць прапановы ад усіх ініцыятыў і выпрацаваць адзіны падыход, каб змяніць нормы горадабудаўніцтва з тым, каб у будучыні немагчыма было будаўніцтва вытворчасцей, якія атручваюць паветра, як у Светлагорску, патэнцыйна небяспечных для экалогіі і для жыцця людзей заводаў, як у Брэсце.

Наша задача — выпрацаваць адзіны падыход і арганізаваць нацыянальную кампанію за змяненне нарматываў генпланаў гарадоў і нарматываў пры будаўніцтве прадпрыемстваў у населеных пунктах.

Ёсць шмат прыкладаў, калі ў Мінску людзі абаранялі свой раён ад ўшчыльнення. Ёсць прыклады, калі атрымоўвалася забараніць будаўніцтва шкоднай вытворчасці.

Але гэтыя поспехі не вырашаюць глабальныя задачы: калі не ўшчыльняецца мікрараён Зялёны Луг, то для горада ў цэлым гэта значыць, што больш дамоў будзе пабудавана ў Каменнай Горцы ці Малінаўцы — і ў выніку ўсё жыхары ўсё роўна прайграюць. Што тычыцца прыкладаў Светлагорска, Гомеля або Брэста з будаўніцтвам экалагічна небяспечных вытворчасцяў, то гэта патэнцыйная катастрофа.

Усе прапановы, сабраныя падчас круглага стала, ужо перададзеныя ў міністэрствы ЖКГ і архітэктуры, а таксама ў адпаведную камісію Палаты прадстаўнікоў. «Але толькі арганізаваўшы агульнанацыянальную кампанію, можна абараніць права на бяспечныя і камфортныя ўмовы пражывання ў нашых гарадах», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

bchd.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!