У Мінск з Кіева вярнулі амаль 50 расіян, якія ляцелі «Белавія»

Амаль пяцьдзесят грамадзян Расіі, якія ляцелі ў Кіеў праз Мінск, вярнулі ў беларускую сталіцу з-за таго, што іх не прапусцілі ўкраінскія памежнікі, паведамляе tut.by. Інфармацыю пацвердзіў Дзяржпагранкамітэт Беларусі.
Ілюстрацыйна фота, аўтар Anna Zvereva from Tallinn, Estonia commons.wikimedia.org

Ілюстрацыйна фота, аўтар Anna Zvereva from Tallinn, Estonia commons.wikimedia.org


Паводле інфармацыі расейскіх «Известий», у панядзелак увечары памежнікі Украіны не пусцілі ў краіну каля 30 расейцаў, якія прыехалі ў Кіеў (аэрапорт Жуляны) рэйсамі "Белавія". Авіякампанія павінна была адправіць расейцаў назад у Мінск першым жа рэйсам.

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі ў размове з TUT.BY пацвярджаюць інфармацыю аб вяртанні некаторых расейцаў.

— Пачынаючы з учорашняга дня амаль пяцьдзесят чалавек вярнулі ў Мінск. Гэта тычыцца чатырох рэйсаў «Белавія»: трох учора і яшчэ аднаго сёння. Самая шматлікая група вернутых была сёння. Калі ўчора вярнуліся 12 чалавек, то сёння — 35, — распавёў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі.

Прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта адзначае, што да ўсіх гэтых расіян у беларускіх памежнікаў на вылеце не ўзнікла пытанняў.

— Мы іх аформілі устаноўленым парадкам, яны выбылі рэйсамі ва Украіну, затым вярнуліся назад з-за няпропуска сумежнай краінай. Прычына няпропуска не называецца. Інфармацыі ад дзяржаўнай памежнай службы Украіны па змяненні парадку перасячэння мяжы замежнымі грамадзянамі, у тым ліку Расійскай Федэрацыі, не паступала, — паведаміў Антон Бычкоўскі.

Адзначым, што выкарыстоўваюць мінскі аэрапорт як транзітны для палётаў ва Украіну ў тым ліку пасажыры ўкраінскай авіякампаніі «МАУ». Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, з гэтымі рэйсамі грамадзян Расійскай Федэрацыі ў Мінск не вярталі.

Расія і Украіна спынілі прамыя авіязносіны паміж краінамі 25 кастрычніка 2015 года. З тых часоў грамадзяне абедзвюх краін вымушаныя дабірацца транзітам, праз іншыя дзяржавы, часта праз Мінск.

Што тычыцца беларусаў, то, як сказаў tut.by Надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, яны змогуць спакойна прыехаць ва Украіну на навагоднія святы. Тым больш, што ваеннае становішча ўведзена да 27 снежня.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!