У мінскай школе настаўніца раўла на пяцікласніка і падняла на яго руку (відэа)

Напрыканцы красавіка ў адной з мінскіх школ настаўніца падняла руку на пяцікласніка і раўла на яго дурным голасам. Здарэнне трапіла на відэа.

Прычынай стала тое, што на перапынку хлопчык узяў без дазволу з настаўніцкага стала свой мабільнік. На ўроках дзецям карыстацца імі забаронена.

Учынак школьніка выклікаў бурную рэакцыю настаўніцы: яна крычала на хлопчыка, спрабавала штосьці дастаць ў яго з кішэні, штурхала і хапала за каўнер.

Відэаролік трапіў у бацькоўскі чат і выклікаў абурэнне. «Наколькі мы ведаем, бацькі хадзілі на прыём у адміністрацыю, але выніку не дамагліся — настаўнік у школе. Дзе гарантыя, што ён не зробіць так з іншымі? Дзеці і раней скардзіліся на адносіны з гэтым педагогам. Але словам ніхто асаблівага значэння не надаваў, пакуль не з'явіўся ролік», — кажа парталу rebenok.by бацька аднаго з аднакласнікаў.

Дырэктарка школы заявіла журналістам, што сустракалася з маці пяцікласніка. У той, маўляў, няма пытанняў да настаўніцы, яна толькі абураная, што хтосьці без дазволу зняў яе сына і апублікаваў гэта.

«Што датычыць паводзінаў настаўніка, то я абараняць нікога не буду. Зараз ідзе праверка на самым вышэйшым узроўні», — дадала дырэктарка.

Паводле «Еўрарадыё».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: