У мінскіх офісах Белсату адбыліся ператрусы (абнаўляецца, фота, відэа)

Паводле заявы ГУУС Мінгарвыканкаму, ператрусы адбываюцца праз заяву ад праваўладальніка гандлёвай маркі «BELSAT».
Паводле заявы ГУУС Мінгарвыканкаму, ператрусы ў мінскіх офісах тэлеканалу «Белсат» адбываюцца праз заяву ад праваўладальніка гандлёвай маркі «BELSAT».

«У выніку праведзеных праверачных мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі выяўленае кола асобаў, якія выкарыстоўваюць ўказаны таварны знак у парушэнне артыкулу 9.21 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасці). Для правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў па месцах іх знаходжання праведзеная канфіскацыя аўдыё- і відэатэхнікі, кампутарнага абсталявання», — гаворыцца ў паведамленні ГУУС.

Вярхоўны Суд Беларусі забараніў назву тэлеканала «Белсат» у 2014 годзе — Telewizja Polska прайграла суд уладальніку беларускай фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэю Белякову, які зарэгістраваў адпаведны гандлёвы знак у 2001 годзе, хоць спачатку калегія Вярхоўнага суду адхіляла заяву Белякова.

Кампанію Telewizja Polska S.A. абавязалі спыніць выкарыстанне гандлёвага знаку «Белсат» пры трансляцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адмовіцца ад яго выкарыстання на інтэрнэт-сайце тэлеканалу, які таксама даступны на тэрыторыі Беларусі.

Андрэй Белякоў — дырэктар ПГУП "БЕЛСАТплюс", якое ў 2014 годзе выйграла ў тэлеканала "Белсат" суд за таварны знак, не мае дачынення да сённяшніх ператрусаў. Пра гэта прадпрымальнік распавёў у тэлефоннай размове з Еўрарадыё:

"Як будуць грошы — буду нешта рабіць. А цяпер пытанне "вісіць" па віне польскага боку, праз іх сквапнасць. Я столькі грошай выдаткаваў... На выкананне даслаў [дакументы] варшаўскаму акруговаму суду. Але нічога не атрымаў наўзамен, ні капейкі. Грошы згубіў. Вядома, калі будзе магчымасць — я буду дамагацца сваіх грошай", — кажа Андрэй Белякоў.

13:35 У інтэрв’ю svaboda.org  дырэктар тэлеканалу “Белсат” паведаміла:

Гэта выразная атака на Белсат. Я так разумею, што гэта своесаблівы падарунак на нашае 10-годзьдзе.

13:20 Да Алеся едзе праваабаронца Алена Красоўская-Каспяровіч.

12:58 У РУУС Першамайскага раену Менска паведамілі, што журналіста Любенчука ў іх няма, але інфармацыю можна ўдакладняць па тэлефоне 80172800202. Чакаем на навіны пра нашага аператара цягам 3 гадзінаў.
Аператар Алесь Любянчук затрыманы і цяпер знаходзіцца ў Першамайскім РУУС.



11:55 Журналісты розных выданняў, прадстаўнікі БАЖ сабраліся каля офіса «Белсату» на вуліцы Кастрычніцкай. Невядома, што адбываецца ў памяшканні. Каля пад’езду знаходзяцца міліцыянты, кажуць, што праводзіцца следчы эксперымент.

«Пакуль што мы бачым кропкавыя рэпрэсіі ў дачыненні да «Белсату». Я думаю, што гэта з-за онлайн-трансляцый, якія Белсат паспяхова робіць і якія дазвалюць бачыць усё ў напроставым эфіры», кажа Барыс Гарэцкі, прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў.



10:50 Журналіст Алесь Залеўскі ўвайшоў у офіс “Белсату”. Сілавікі вынеслі усю тэхніку і нават банер з надпісам “Белсат”. Тэхніку пагрузілі у белы мікрааўтобус. Таксама бачна, што міліцыянты праглядалі працоўныя паперы журналістаў.

10:31 Кіраўнік аддзелу інфармацыйных праграмаў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі звязвае ператрусы з актыўным асвятленнем у эфіры і на сайце тэлеканалу акцый пратэсту супраць Дэкрэту №3 і разгону Дня Волі. «Гэта раззлавала ўлады, бо мы яшчэ маем такі рычаг і магчымасць вывесці “карцінку” на экран, а не толькі паказаць у інтэрнэце. Цяпер улады намагаюцца абмежаваць інфармацыю пра пратэсты. Першыя сімптомы гэтага мы бачылі яшчэ ў першай палове сакавіка, калі пачалі затрымліваць нашых журналістаў. “Белсат” гатовы да гэткіх дзеянняў. Навіны на нашым тэлеканале будуць выходзіць нягледзячы ні на што», – падкрэсліў Дзікавіцкі.

10:23 З белсатаўскага офісу забралі тэхніку – паведамляе журналіст Алесь Залеўскі.

У праграмны офіс каля станцыі метро “Акадэмія навук” прыйшлі міліцыянты з прадпісаннем пракуратуры.

У іншым офісе, калі туды ўварваліся міліцынты, знаходзіўся журналіст Алесь Любянчук. Цяпер ягоны тэлефон выключаны.

Журналістка Белсату спрабавала патрапіць у офіс а 9:20. У гэтіы час ля ўваходу ужо стаяў міліцыянт, які паведаміў, што на месцы адбываюцца “следчыя мерапрыемствы”. У гэты момант у офісе маглі знаходзіцца прынамсі двое супрацоўнікаў тэлеканалу. Невядома, ці дзверы міліцынятам адчынілі, ці яны іх выбілі.

Пра тое, што забралі можна прачытаць тут.

belsat.eu, svaboda.org, baj.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: