У мінскім метро плануюць усталяваць цеплавізары

У Мінскім метрапалітэне прапрацоўваюць пытанне аб усталяванні на станцыях цеплавізараў для замеру тэмпературы ў пасажыраў з прычыны пандэміі каронавірусу. Пра гэта карэспандэнту «Свабоды» паведаміў намеснік дырэктара эксплуатацыі метрапалітэну Вадзім Палішчук.

«Пакуль мы гэтае пытанне прапрацоўваем, — сказаў  Вадзім Палішчук. — Калі для гэтага будзе тэхнічная магчымасць, будзем усталёўваць. Але пакуль гэта ў працы.

Тут жа яшчэ іншыя пытанні. Мы паставім цеплавізары, у некага будзе павышаная тэмпература, ён мо перахваляваўся. Што далей рабіць з гэтым чалавекам? Мы не маем права яго не пусціць у метро. Хто яго будзе затрымліваць і накіроўваць у медустанову? У нас на гэта як бы няма права. Таму тут не толькі тэхнічнае пытанне, але і юрыдычнае».

Раней пра размяшчэнне на станцыях метро цеплавізараў выказаўся намеснік старшыні Мінгарвыканкаму Аляксандр Дараховіч. Ён лічыць, што трэба заўсёды «быць гатовымі да любых надзвычайных сітуацый».

«Калі сёння гэта трэба і прынясе пэўны плён, трэба прапрацаваць пытанне размяшчэння на станцыях цеплавізараў і іншых прыбораў, якія дапамагаюць пазбегнуць распаўсюджвання інфекцый», — цытуе Minsknews.by Дараховіча.

Цяпер у метро праводзіцца дэзінфекцыя рухомага саставу і пасажырскіх зонаў на станцыях і касаў.

«Выдалі касірам гумовыя пальчаткі, каб іх засцерагчы, і сродкі дэзінфекцыі. Таксама будзем ставіць такія сродкі на саміх станцыях. Узмацнілі кантроль за санапрацоўкай станцый і рухомага саставу», — сказаў Палішчук.

Таксама ў мінскім метро на гадзіну павялічылі (да 10 гадзін) 2-хвілінны ранішні інтэрвал паміж цягнікамі у час пік, каб «разводзіць патокі пасажыраў: студэнтаў і рабочых».

Што да магчымага закрыцця метро на каранцін праз каронавірус, то ў кіраўніцтве метрапалітэну сказалі, што гэта «не ў іхнай кампетэнцыі».

www.svaboda.org



https://www.svaboda.org/a/30503748.html

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: