У мінскім скурвене ад пнеўманіі з каронавірусам памерла медработніца

Ганна С. была медсястрой у дэрматавенералагічным аддзяленні № 5 Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансэру, паведамляе Белсат.
Пра смерць медсястры belsat.eu паведамілі чытачы. У 5-м аддзяленні пацвердзілі, што жанчына памерла ад пнеўманіі 25 красавіка і мела каронавірус:

«У нашым аддзяленні ўсе ляжаць з COVID-19. Пакуль што ўсе спакойныя. Медработнікаў хапае. Ёсць хворыя, але пакуль што гэта першы такі выпадак».

Ганна С. была прафесіяналам сваёй справы, добрым і чулым чалавекам, гаворыцца ў некралогу ад імя працаўнікоў Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансэру.

Міністэрства аховы здароўя афіцыйна не называла колькасць памерлых ад каронавіруса медыкаў. Аднак у СМІ зʼяўлялася інфармацыя мінімум пра шэсць такіх выпадкаў. У Віцебску 3 красавіка памерла 47-гадовая медсястра Святлана К., 16 красавіка 41-гадовая медсястра абласной клінічнай лякарні Надзея Ф. У Барысаве 8 красавіка сышоў з жыцця 50-гадовы фельчар «хуткай дапамогі» Васіль Л., у Мінску 20 красавіка – медсястра Наталля Ш., у Буда-Кашалёве 21 красавіка – лекарка «хуткай дапамогі» Галіна Н. Медыі таксама паведамлялі пра смерць 57-гадовай працаўніцы Бешанковічскай санітарна-эпідэміялагічнай службы Наталлі Л.

Па стане на 28 красавіка ў Беларусі зарэгістравана 12 208 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі, што складае 7,5 % ад колькасці тэстаў. Міністэрства аховы здароўя афіцыйна пацвердзіла 75 смерцяў пацыентаў з COVID-19.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: