У мінскім скверы Адама Міцкевіча ўсталююць арт-інсталяцыю «МОВА»

Гэтай вясной у шасці буйнейшых гарадах Беларусі ўсталююць серыю арт-інсталяцый – набораў інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць манументальнае слова «МОВА». У Мінску яны з'явяцца ў скверы Адама Міцкевіча. Таксама арт-аб'екты ўпрыгожаць вуліцы Брэста, Віцебска, Гродна, Гомеля і Магілёва. Праект рэалізуецца кампаніяй А1 сумесна з ініцыятывай «Веліч роднай мовы».
Кожная з літар у інсталяцыі ўяўляе з сябе вулічную мэблю з дрэва і металу, на якой можна з камфортам размясціцца, і мае свой колер – у гэтым галоўная асаблівасць праекта. Па задуме аўтара арт-аб'ектаў, вядомага беларускага скульптара Паўла Вайніцкага, колеравыя гамы скульптур ва ўсіх гарадах унікальныя. Яны падбіралася так, каб паказаць мясцовыя культурныя, гістарычныя і ландшафтныя адметнасці.

Чырвоны, чорны, зялёны, жоўты ці залацісты, шэры і розныя адценні сіняга – асноўныя колеры, якія цягам стагоддзяў атачалі беларусаў у побыце, архітэктуры і прыродзе. Гэта адлюстравана ў даследаваннях, на якіх грунтуецца ідэя праекта «МОВА», – канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава (апісана ім у кнізе «Колер Беларусі»), а таксама рэканструкцыях народных строяў этнографа Міхаіла Раманюка.

Мінск – геаграфічны, сацыяльны і культурны цэнтр краіны, у якім перамяшаныя асаблівасці розных рэгіёнаў. Таму для інсталяцыі ў сталіцы выбраны ўсе асноўныя колеры – сіні, зялёны, жоўты, чырвоны і чорны. Скульптурныя літары «МОВА» з'явяцца на перасячэнні вуліц Гарадскі Вал і Няміга – у скверы Адама Міцкевіча.

Такое размяшчэнне выбрана невыпадкова – гістарычны цэнтр горада даступны як для мясцовых жыхароў, так і для турыстаў. У кантэксце праекта асабліва важна, што гэта месца носіць імя Адама Міцкевіча – аднаго з выбітных паэтаў эпохі рамантызму, які апісваў у сваіх творах прыгажосць беларускай зямлі. Пасля ўстаноўкі арт-інсталяцыі А1 плануе стварыць у скверы сетку бясплатнага Wi-Fi.


Паводле прэс-рэлізу


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: