У Мінску адмянілі роварны заезд: чыноўнікі патрабавалі «спіс усіх удзельнікаў»

У Мінску 1 красавіка планавалі зладзіць масавы велашпацыр, прымеркаваны да старту акцыі «30 дзён на ровары». 31 сакавіка арганізатары нават атрымалі ад Мінгарвыканкама дазвол на заезд.

Фэст «Viva Rovar-2019»


Але пад самы канец працоўнага дня чыноўнікі ўдакладнілі, што «Мінскае роварнае таварыства» (МРТ) мусіць скласці спіс усіх удзельнікаў «пакатушкі»: прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння і нумар тэлефона. Гэта аргументавалі выкананнем існуючага заканадаўства і забеспячэннем грамадскага правапарадку, піша «Еўрарадыё».

Таксама з МРТ звязаліся прадстаўнікі міліцыі. Яны папярэдзілі, што збіраюцца прысутнічаць на старце і фінішы заезду — а магчыма, і непасрэдна падчас яго.

МРТ апытала раварыстаў у сацыяльных сетках: ці гатовыя яны да ўдзелу ў заездзе на такіх умовах. Высветлілася, што набіраецца менш за сотню ахвотных дзяліцца сваімі звесткамі з выканкамам. Велашпацыр давялося адмяніць, хаця ў таварыстве перакананыя, што зрабілі ўсё магчымае, каб ён адбыўся.

— Мы разумеем, што шпацыр не мог адбыцца пры выкарыстанні палітычнай сімволікі: мы планавалі растлумачыць гэта ўдзельнікам як у допісах у сацсетках, так і непасрэдна перад стартам заезду. Валанцёры мусілі б сачыць як за адсутнасцю палітычнай сімволікі, так і за выкананнем сацыяльнай дыстанцыі і наяўнасцю масак.

Але мы як арганізатары мерапрыемства супраць збору звестак пра ўдзельнікаў. Анлайн-рэгістрацыя для ўдзелу ў акцыі была зробленая максімальна простай і не патрабавала пазначэння звестак. Раней нас ніколі не прасілі збіраць звесткі ўдзельнікаў.

Нягледзячы на адмену заезду, 1 красавіка — першы дзень акцыі «30 дзён на ровары». Яна будзе працягвацца ўвесь месяц. У гэты час «Мінскае роварнае таварыства» збіраецца ладзіць індывідуальныя актыўнасці для раварыстаў: квэсты і конкурсы.

Сутнасць акцыі ў тым, каб штодня карыстацца сродкам персанальнай мабільнасці: роварам, ролікамі, самакатам, монаколам, бегавелам. Яшчэ пажадана публікаваць фота пра гэта ў сацсетках.

Акцыю «30 дзён на ровары» ўпершыню зладзілі дзесяць гадоў таму ў ЗША. Яна праводзіцца, каб нагадаць, што ездзіць на ровары можна ў любое надвор’е, а таксама што ровар — не толькі зручны варыянт для адпачынку, але і паўнавартасны транспарт для паездак па горадзе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: