У Мінску дыхаць лягчэй, чым у Варшаве. 5 фактаў пра мінскае паветра

Калі днямі ў Варшаве быў жахлівы смог, жыхарам Мінска дыхалася амаль як звычайна. У чым прычына?
Пра сталічнае паветра распавяла Багдана Казярук, начальніца інфармацыйна-аналітычнага аддзела маніторынгу атмасфернага паветра Гідрамета.

1) Узімку канцэнтрацыя дыаксіду азоту ў Мінскім паветры можа ўздымаецца да 0,9 ГДК [гранічна дапушчальная канцэнтрацыя]. Для Мінска гэта ўжо шмат, мы да такіх канцэнтрацый не прызвычаіліся. Жыхары пэўных раёнаў могуць адчуць дыскамфорт. Калі ГДК роўны 1 — гэта яшчэ нармальна. Калі больш, трэба прымаць меры. Калі ў Варшаве быў смог, у Мінску ўтрыманне дыаксіду азоту ў раёне вуліц Судмаліса, Шчорса, у раёне вакзала было 0,7-0,9 ГДК. А ва Уруччы было 1,9 ГДК дыаксіду азоту, 2,9 ГДК — аксіду азоту. Але вельмі на кароткі час — на дваццаць хвілін.

2) Калі ў Мінск прыходзіць халоднае арктычнае паветра, у горадзе дыхаецца добра. Халоднае паветра лягчэйшае за забруджанае, і таму выціскае яго з Мінска. Моцны вецер, нізкія тэмпературы — для паветра гэта добра. А вось штыль не спрыяе рассейванню забруджвальных рэчываў. Яны затрымліваюцца ў горадзе.

3) У Мінску людзі ад смогу ніколі не паміралі. А вось у Маскве, напрыклад, было шмат летальных вынікаў у 2010 годзе, калі гарэлі лясы. Людзі сталага веку і дзеці вельмі адчувальныя да гэтага. Але ў Беларусі смогі ўвогуле адбываюцца нячаста. 2016 год быў вельмі добрым. Шмат ападкаў, умераны вецер большую частку года. А вось у 2015 годзе смогавая сітуацыя назіралася ў першай палове жніўня і была звязаная з анамальна высокімі тэмпературамі. Тады мы фіксавалі істотны рост канцэнтрацыі ў паветры прыземнага азону і фармальдэгіду. У кастрычніку 2014 года былі дрэнныя метэаралагічныя ўмовы, тады рост забруджвання назіраўся па ўсёй Беларусі.

4) Зімовы смог называецца «лос-анджэлескі»: там яго ўпершыню зафіксавалі і добра вывучылі. Узімку забруджанне прыходзіць з прыгарадаў Мінска праз тое, што там пячное ацяпленне. Адпаведна, цяжэй за ўсё дыхаецца на ўскрайках горада. У Польшчы днямі таксама былі моцныя маразы, а там для ацяплення выкарыстоўваюць вугаль. Гэта не наш прыродны газ, які атмасферу не забруджвае. Так што, наша сістэма цэнтралізаванага ацяплення абараняе нас ад смогу.

5) Мікрараён «Уручча», нягледзячы на атаку выкідаў з прыгараду, трымае статус самага чыстага ў Мінску. Ён месціцца ў паўночнай частцы горада, там няма буйных прамысловых прадпрыемстваў. А самае бруднае паветра ў Мінску, як і ў любым беларускім горадзе — у цэнтры. У Мінску прадпрыемствы раскіданыя па ўсім горадзе. Цэнтр знаходзіцца пад іх уплывам незалежна ад напрамку ветру. Любое прадпрыемства «дыхае» на цэнтр.

Паводле Еўрарадыё

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: