«Альтэрнатыва» прапануе ўсталяваць макет Менскага замчышча на Нямізе

Грамадскае аб'яднанне «Альтэрнатыва» (зарэгістравана ў Латвіі) прапаноўвае сталічным уладам абазначыць месца старажытнага замчышча на Нямізе, усталяваўшы на гэтым месцы мініяцюрны макет з яго выявай.

У падтрымку зварота, 27 ліпеня актывісты арганізацыі распачалі вулічны збор подпісаў сярод жыхароў сталіцы. Паміж палацам працоўных рэзерваў і выхадам са станцыі метро Няміга была ўсталявана першая кропка з адпаведным зборам подпісаў, дзе мінакам тлумачылі сэнс ідэі ды распавядалі аб самой гісторыі Менскага замчышча. Як вынік, за гадзіну было сабрана больш за 100 подпісаў, паведамляе  прэс-служба "Альтэрнатывы".
 


Актывісты прапаноўваць уладам зрабіць макет паводле распрацаванага плану замчышча, які зрабілі археолагі ды гісторыкі з матэрыялаў некалькіх раскопак на Нямізе, асабліва ў 1984-1985 гг, калі будавалася другая лінія метрапалітэна. Дзякуючы гэтаму, тады быў вызначаны дакладны выгляд старажытнай брамы замчышча.    

“Улічваючы той факт, што ў бліжэйшы перыяд не будзе ажыццяўляцца праект адраджэння замкавага комплекса, лічым, што мэтазгодным і цікавым будзе ўсталяванне побач з месцам адпаведнай мініяцюры ў выглядзе макета з выявай гэтай унікальнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама з інфармацыяй аб яго гісторыі. З дапамогай гэтага жыхары і госці Мінску пашыраць свае веды аб нашай гісторыі і культуры, таксама гэта пазітыўна паўплывае на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў, патрыятызму. За дзесяць стагоддзяў сваёй гісторыі месца гарадскога замчышча стала сапраўдным скарбам, архівам гісторыі, дзе пад верхнім пластом глебы захоўвалася і яшчэ і працягвае захоўвацца хроніка старажытнага Менску. Сёння вельмі важна берагчы такую спадчыну, пашыраць веды пра яе гісторыю і разнастайныя асаблівасці архітэктурнага і культурнага кшталту”, — каментуе ідэю лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.
Збор подпісаў будзе ладзіцца на працягу 2 тыдняў, затым калектыўны зварот з копіяй сабраных подпісаў будзе накіраваны ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусі і Мінгарвыканкам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!