У Мінску пачаўся суд над галоўным рэдактарам TUT.BY Марынай Золатавай

Крымінальны працэс над галоўным рэдактарам TUT.BY Марынай Золатавай пачаўся 12 лютага ў 10 гадзін раніцы ў будынку суда Маскоўскага раёна Мінска.


Ужо а 9-й раніцы ля будынку суда стаялі журналісты. Колькасць месцаў у залі абмежаваная, таму патрапіць на працэс можна было па папярэдняй акрэдытацыі. Марыну Золатаву прыйшло падтрымаць шмат людзей, сярод якіх былі галоўны рэдактар «Народнай Волі» Іосіф Сярэдэіч, ганаровы старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна (увогуле, БАЖ прыйшоў на пасяджэнне цэлай дэлегацыяй), рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына, якая праходзіла па адной справе з Золатавай і рэдактар парталу «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч, палітыкі Ігар Лялькоў і Аляксей Янукевіч і ўвогуле шмат іншых людзей.


Напачатку працэсу прадстаўнікі БелТА заявілі пра дадатковую позву памерам 6 тысяч рублёў для аплаты адвакатаў, нанятых агенцтвам на суд супраць Золатавай. Суд позву задаволіў.

Таксама Прадстаўнік БелТА выступае за правядзеньня паседжаньня ў закрытым рэжыме, праз «абарону інфармацыі». Супраць гэтага хадайніцтва выступіла пракурор Юлія Харчэйкіна, сама Марына Золатава і яе адвакат Вараб’ёва. Суддзя хадайніцтва аб закрытым працэсе не задаволіў.



Нагадаем, Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БЕЛТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў.

Галоўрэда TUT.BY абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзеянне службовай асобы), санкцыя артыкулу — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася па ч. 2 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. З усіх падазраваных Золатава — адзіная, як высветліла следства, хто не ажыццяўляў доступ да платных матэрыялах БЕЛТА. Крымінальны перасьлед па гэтым артыкуле ў дачыненні да Марыны Золатавай быў спынены «ў сувязі з нездзяйсненнем злачынства».

СК двойчы адмовіў Золатавай ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле 86-м артыкуле Крымінальнага кодэкса.

Нагадаем, 7 жніўня ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгина, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласкар «Нямецкай хвалі» Павал Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайту газеты «Беларусы і рынак »Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!