У Мінску пачаўся суд над удзельнікамі вечарыны з псіхатропамі, у выніку якой загінула дзяўчына

У Мінску пачалі судзіць сем удзельнікаў вечарынкі з псіхатропамі, на якой загінула студэнтка. Працэс праходзіць у судзе Першамайскага раёна сталіцы. У клетцы знаходзіўся толькі адзін з абвінавачаных.
Фота Марыі Вайтовіч, Еўрарадыё

Фота Марыі Вайтовіч, Еўрарадыё

Трагедыя здарылася 4 жніўня мінулага года. На вечарынцы былі восем маладых людзей, у тым ліку і непаўналетнія, якія ўжылі псіхатроп. Дарослых у кватэры не было. Кепска стала 19-гадовай дзяўчыне, гаспадыні кватэры (вечарынка сабралася з нагоды дня народзінаў яе хлопца). Ёй выклікалі «хуткую», але выратаваць жыццё не ўдалося. Крымінальную справу распачалі па артыкуле «Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў» (ч. 1 арт. 328 КК). Маладым людзям пагражае абмежаванне волі — да 5 гадоў, альбо пазбаўленне волі з такім жа максімальным тэрмінам. Сваю віну цалкам прызналі толькі чацвёра з сямі.

У чацвер у судзе пачнецца допыт абвінавачаных, перадае Еўрарадыё.

Рух  Legalize Belarus выступіў з заявай з нагоды судовага працэсу. «Гэтыя людзі не павінны пазбаўляцца волі, а прычына смерці дзяўчыны — у недастатковай інфармаванасці пра дзеянне псіхаактыўных рэчываў і страх пакарання, які стрымліваў удзельнікаў вечарыны ад своечасовага выкліку хуткай дапамогі», — гаворыцца ў ёй.

Прыводзім вытрымкі з тэксту заявы.

Як вядома Legalize Belarus, дзяўчына памерла пасля ўжывання вялікай дозы МДМА праз сератанінавы сіндром, які ўзнік, меркавана, з-за фонавага ўжывання антыдэпрэсантаў. Цягам пэўнага часу іншыя ўдзельнікі вечарыны спрабавалі дапамагчы ёй самастойна і не выклікалі хуткую дапамогу, бо гэта магло каштаваць двухзначнага турэмнага тэрміну для кожнага з іх.

МДМА — гэта так званы «клубны наркотык», які звычайна, разам з амфетамінам ці іншымі стымулятарамі, ёсць часткай таблетак «экстазі». Даследчыкі адносяць гэтае рэчыва да групы нізканебяспечных рэкрэацыйных ПАР, яно менш шкоднае за алкаголь ці тытунь. [...]

У смерці дзяўчыны вінаватае не рэчыва. У смерці вінаваты недастатковы ўзровень адукацыі па пытаннях псіхаактыўных сродкаў, а таксама несуразмерныя пакаранні за злачынствы, звязаныя з кантраляванымі рэчывамі, што стрымліваюць спажыўцоў ПАР ад звароту па медыцынскую дапамогу ў сітуацыях, якія пагражаюць здароўю пры спажыванні рэчываў.

Адной з мэтаў Legalize Belarus з’яўляецца інфармаванне грамадства пра практыкі змяншэння шкоды. [...]
Актывісты прыйшлі сёння да будынку суда і раздалі прысутным улёткі з інфармацыяй пра дзеянні ў выпадку перадазіроўкі некаторымі псіхаактыўнымі рэчывамі.

Каб зменшыць шкоду ад наркотыкаў неабходна перайсці ад палітыкі «вайны з наркотыкамі» да палітыкі «змяншэньня шкоды», калі спажыванне кантраляваных рэчываў не крыміналізаванае, праводзіцца эфектыўная адукацыя па пытаннях ПАР, а залежныя людзі атрымоўваюць дапамогу па сацыяльнай рэінтэграцыі і выхаду з залежнасці. Пра гэта гавораць ААН, Сусветная арганізацыя аховы здароўя і іншыя міжнародныя арганізацыі. У ліпені 2018 года Глабальная камісія па наркапалітыцы апублікавала матэрыял, дзе асудзіла антычалавечую палітыку Беларусі ў дачыненьні да спажыўцоў кантраляваных рэчываў і параіла спыніць знявольваць людзей за спажыванне наркотыкаў.

Абвінавачаныя па справе загінулай студэнткі не павінны пазбаўляцца волі, а гэты выпадак павінен стаць паказальным: каб не артыкул 328, дзяўчына магла б застацца жывой.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!