У Мінску падпісалі мемарандум салідарнасці з украінскім народам

Мемарандум падрыхтаваны Беларускім камітэтам салідарнасці з Украінай і закліканы аб’яднаць палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і ініцыятывы, а таксама грамадзян для салідарнасці і падтрымкі ўкраінцаў, якія бароняць суверэнітэт краіны і яе цэласнасць.

Задачамі супольнай працы прыхільнікаў мемарандума з’яўляецца распаўсюд незаангажаванай інфармацыі пра падзеі ва Украіне, кансалідацыя беларускіх грамадзянаў, салідарных з украінскім народам, правядзенне акцый салідарнасці, збор сродкаў і іншых дзеянняў у падтрымку барацьбы ўкраінцаў за незалежнасць і цэласнасць дзяржавы, садзейнічанне мірнаму ўрэгуляванню канфлікту Украіны і Расіі, спыненне крымінальнага пераследу на тэрыторыі Беларусі беларусаў-добраахвотнікаў, якія са зброяй бароняць Украіну.

Таксама сярод задачаў значыцца ўплыў на пазіцыю афіцыйнага Мінска, каб ён падтрымаў Рэзалюцыю Генасамблеі ААН аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ад 27 сакавіка 2014 года і спрыянне міжнароднаму ціску на кіраўніцтва Расіі з тым, каб яна адмовілася ад агрэсіўнай палітыкі ў адносінах да Украіны.


Асноўныя накірункі дзейнасці фактычна паўтараюць накірункі дзейнасці БКСУ. Гэта інфармацыйна-аналітычны накірунак, арганізацыйна-масавы, грамадска-палітычны, культурна-асветніцкі і міжнародна-прававы. Адрозненне ў тым, што ён закліканы аб’яднаць больш шырокае кола грамадзянскай супольнасці, якое падзяляе мэты, задачы і прынцыпы Мемарандуму.

У дзень абвяшчэння Мемарандуму яго падпісалі прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Руху “За Свабоду”, Руху салідарнасці “Разам”, ПЦ “Прававая дапамога насельніцтву”, ПУ Ліга развіцця дэмакратыі “Грамадзянскі вердыкт”, Форум “Свабоду палітвязням Беларусі”, аргкамітэта ГА “Вяртанне памяці”. Пра сваю гатоўнасць падпісаць дакумент таксама заявілі АГП і Беларускі дакументацыйны цэнтр.


Камунікатыўнай пляцоўкай удзельнікі Мемарандума прызнаюць групу у Facebook “Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай”.

Як паведаміў Ігар Рынкевіч, Мемарандум аб супрацы ў накірунку салідарызацыі беларускага грамадства з украінскім адкрыты для падпісання для ўсіх ахвотных, празрысты і не абмяжоўвае дзейнасць падпісантаў. Паводле Паўла Севярынца, поле дзейнасці БКСУ з пэўных прычынаў моцна абмежавана і носіць хутчэй сімвалічны характар. Важна павялічваць колькасць кантактаў шырокага кола беларускай грамадскасці з Украінай і яе грамадзянамі, чаму і будзе спрыяць Мемарандум.


Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі правядзенне сумесных беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2017” і пагрозы, якія яны ствараюць для рэгіянальнай бяспекі.

На думку Ганны Шапуцькі, незбалансаваная знешняя палітыка афіцыйнага Мінска (крэн у бок Расіі) прывяла да таго, што мы, самі таго не жадаючы, сталі саюзнікам краіны-агрэсара. “Кім будзем мы тыя, хто катэгарычна не згодны з такім станам рэчаў, для гэтай дзяржавы?”, — задалася пытаннем прамоўца.

Тым не менш, рэзкіх ацэнак знешняй палітыкі беларускіх уладаў у межах Мемарандуму было вырашана не даваць, каб не звужаць кола патэнцыйных прыхільнікаў дакумента.
Тэкст Мемарандума можна спампаваць тут.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Садовская Екатерина Петровна
  • 2017-09-12 01:05:54
Поддеоживаю

Больш цікавага на «Новым Часе»: