У Мінску «пільнуюць» моладзевых актывістаў. Не выходзіць на сувязь Ягор Віняцкі, у яго доме ператрус

Маці актывіста Ягора Віняцкага збіралася зайсці ў дом, дзе жыве сын, але баіцца. У дом зайшоў адзін з сяброў Ягора — і не выйшаў. Іншыя сябры Ягора пасля гэтага сышлі, паведамляе «Свабода».
Машына «людзей у цывільным» перад домам, які здымае Ягор Віняцкі

Машына «людзей у цывільным» перад домам, які здымае Ягор Віняцкі

Днём 6 жніўня некалькі актывістаў «Моладзевага блоку» і «Legalize Belarus» заўважылі, што іх пільнуюць «людзі ў цывільным». У доме, які здымае адзін з актывістаў, Ягор Віняцкі, знаходзяцца невядомыя. Сам Ягор не выходзіць на сувязь — паплечнікі лічаць, што яго затрымалі.

Як расказалі «Свабодзе» актывісты, дакладна вядома пра затрыманне Уладзя Каўкіна, які не адносіўся да названых рухаў. Прычыны затрымання невядомыя.

Каля дома Ягора Віняцкага, як пабачыў карэспандэнт «Свабоды», стаіць мікрааўтобус, падобны да тых, якія выкарыстоўваюць пры затрыманні «людзі ў цывільным», і яшчэ некалькі машынаў, якія меркавана належаць праваахоўнікам, адчыненыя вароты і дзверы дома, а ў самім доме ходзяць невядомыя.

Маці Ягора пацвердзіла карэспандэнту «Свабоды», што сын не выходзіць на сувязь ад раніцы. Яна збіралася зайсці ў дом, але баіцца. У дом зайшоў адзін з сяброў Ягора — і не выйшаў. Іншыя сябры Ягора пасля гэтага сышлі.

Сябра рады Задзіночання беларускіх студэнтаў Дар’я Рублеўская піша, што «пільнуюць хаты» Веранікі Яновіч і Міхася Варанцова, спрабавалі трапіць у кватэры Стаса Шашка і Аланы Гебрэмарыям. Яна мяркуе, што хочуць затрымаць іх усіх.

Як расказала «Свабодзе» Алана Гебрэмарыям, да яе грукаліся невядомыя, але яна не адчыніла. Пасля яна пабачыла, што каля дому былі невядомыя, падобныя да «людзей у цывільным», і машына, падобная да тых, хто выкарыстоўваюць пры затрыманнях. Паводле яе, цяпер пільнуюць не канкрэтныя моладзевыя рухі, а шэраг розных актывістаў.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: