
Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна абвінавачваюць паводле
ч.3 арт. 178 «Разгалошванне медыцынскай таямніцы, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы». Кацярына са спасылкай на медыцынскія дакументы і словы
лекара напісала, што на момант паступлення ў бальніцу Раман Бандарэнка быў
цвярозы, афіцыйныя асобы сцвярджалі адваротнае, паведамляе TUT.BY.
Мінімальнае пакаранне, якое можа ім пагражаць па гэтым
артыкуле, — шэсць месяцаў пазбаўлення волі, максімальнае — тры гады калоніі. Пад
вартай Кацярына і Арцём знаходзяцца ўжо 102 дні. Абодва яны прызнаныя палітзняволенымі.
Справу журналісткі і лекара разглядае суд Маскоўскага раёна
Мінска ў будынку Дома правасуддзя на вуліцы Сямашкі. Суддзя — Святлана
Бандарэнка, дзяржабвінаваўца — Людміла Іваненка, Кацярыну Барысевіч абараняюць
адвакаты Андрэй Мачалаў і Міхаіл Баднарчук, Арцёма Сарокіна — Вольга Бацюк.
2 сакавіка пасяджэнне пачалося ў 10.30. Напярэдадні, 1
сакавіка, журналістцы TUT.BY паведамілі, што ёй адмоўлена ў акрэдытацыі на
абвяшчэнне прысуду, заяўку на якую яна падавала загадзя. Прычына — у «абмежаванай колькасці месцаў у зале судовага паседжання ў сувязі з
неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай».
З раніцы каля дзвярэй залы пасяджэння ўжо
традыцыйна дзяжураць супрацоўнікі міліцыі. Тых, хто на ўваходзе казаў, што
ідуць на працэс да Барысевіч і Сарокіна, у будынак суда не прапускаюць.
Кацярыну і Арцёма завялі ў залу прыкладна ў 10:15.
Пасяджэнне доўжылася прыкладна 10 хвілін. Пасля яго стала
вядома, што прысуд абвесцяць сёння ў 16.00. Абвяшчэнне прысуду будзе публічным — на яго змогуць прыйсці родныя, калегі і сябры Кацярыны Барысевіч і Арцёма
Сарокіна.