У Мінску прэзентавалі кнігу аб прычынах поспехаў Фінляндыі

«100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі» гэта зборнік карацелек ад фінскіх VIP-аў — палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, аўтараў сацыяльных ноў-хаў. Сабраў іх пад адну вокладку дэпутат парламента, дацэнт медычных навук Ілка Тайпала.


Пераклаў на беларускую Якуб Лапатка. Выдаў Уладзімір Сіўчыкаў.

Выдавец на мінскай прэзентацыі ў Шведскім цэнтры патлумачыў: «Фінляндыя займае першыя месцы ў Еўропе і нават у свеце па ўзроўню адукацыі, якасці жыцця, мінімальнасці карупцыі. У Беларусі гэтая кніга будзе карысная кіраўнікам рознага рангу, але і моладзі, — навыраст. Неўзабаве аддамо яе ў бібліятэкі і кнігарні. Зробім так, каб кошты былі даступныя».

Кніга можа здзівіць. Вось некалькі прыкладаў.

Фіны — усе пяць з паловай мільёнаў — могуць адначасова пайсці ў саўну.

У краіне іх больш за два мільёны! Саўны ёсць нават у шматкватэрных дамах. У саўнах прымаліся і прымаюцца важныя дзяржаўныя рашэнні. Фактычна, усе пасляваенныя прэзідэнты Фінляндыі былі вялікімі аматарамі пару.

Фіны з’яўляюцца вынаходнікамі аднапалатнага парламенту, кааліцыйнага ўраду, квот для жанчын.
Пры неабходнасці, яны плацяць асобам, якія даглядаюць сваіх нямоглых родзічаў. Выплаты складаюць ад 300 да 600 еўра.

Фіны змаглі за некалькі гадоў паменшыць удвая — з 1200 да 600 — колькасць дарожна-транспартных здарэнняў са смяротным сыходам. Адной з мер была пракладка 600 кіламетраў веладарожак.

Больш чым удвая была зніжаная за 10 гадоў колькасць хворых на шызафрэнію. Для гэтага сутнасна памянялі характар узаемін з хворымі, пачалі больш ужываць амбулаторнае лячэнне.

Фіны адносна лёгка здабылі незалежнасць ад Расіі 100 гадоў таму.

Але потым ім давялося адбівацца ад ваяўнічай суседкі. У Зімняй вайне 1939 года напачатку ў іх амаль не было танкаў і супрацьтанкавых гармат. Фінскія вайскоўцы замовілі на лікёра-водачных заводах сотні тысяч пустых бутэлек і пачалі разліваць у іх запальную сумесь. Уручную гэта аказалася марудна. Прыстасавалі лініі па разліву алкаголю. Толькі на заводзе ў Райямяках разлілі больш за паўмільёна бутэлек. Першыя бутэлькі закрываліся «цывільнымі» коркамі з указаннем адраса завода. Савецкія самалёты разбамбілі завод. Але вытворчасць удалося працягнуць. Таксама давялося наладзіць выпуск адмысловых «штармавых» запалак.

Беларусам цікава даведацца, што і ў фінаў існуе такі звычай, як талака. Танга фіны лічаць аргенцінскім, але і фінскім танцам.

Як бачыце, назваў з дзясятак цікавостак, а іх сотня.

На абедзвюх мінскіх прэзентацыях кнігі (другая была 31 траўня ў атэлі Double Tree by Hilton, з удзелам прадстаўнікоў ААН) былі пасол Фінляндыі Крыстар Мікельсан і кіраўнік Аддзялення пасольства Фінляндыі ў Мінску Лаўры Пулала. Спадар Пулала запрасіў прысутных на святочныя мерапрыемствы з нагоды фінскага юбілею ў сталіцы Беларусі.

Паводле «Нашай Нівы»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: