Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

У Мінску прэзентавалі комікс пра смяротнае пакаранне (фотарэпартаж)

У межах «Тыдня супраць смяротнага пакарання» 9 кастрычніка ў галерэі Tut.by прадставілі адмысловы тэматычны комікс «Мама, гэтая я…».

Прэзентацыя выдання адбылася сумесна з дыскусіяй з удзелам супрацоўніка крамы коміксаў «Time to be a Hero» Уладзіслава Міктума, сацыяльнага антраполага Мікіты Трафімовіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэя Палуды.

 Мікіта Трафімовіч, Уладзіслаў Міктум, Андрэй Палуда падчас прэзентацыі комікса

Эксперт у галіне коміксаў Уладзіслаў Міктум распавёў, што комікс бярэ свае карані яшчэ ў ХVІІ–ХVІІІ стагоддзях як форма гісторый у малюнках у асноўным на рэлігійную тэматыку. А ўжо ў сярэдзіне 19 стагоддзя швейцарац Радальф Цёпфер выпусціў серыю альбомаў пра прыгоды Жабо і Крэпена — першыя паўнавартасныя коміксы.

Росквіт гэтай індустрыі прыйшоўся на 1930–1970-я гады і перш-наперш звязаны з амерыканскімі выдавецтвамі DC і Marvel. Цяпер жа сусветная выдавецкая тэндэнцыя падае і зацяняецца кінаіндустрыяй.

Перад прэзентацыяй адмыслова было падрыхтавана 9 плакатаў па гісторыі комікса

Хоць комікс паходзіць ад слова «смешны» , аднак сёння такі фармат усё больш адпавядае сацыяльнай праблематыцы: напрыклад, пачалі выходзіць некалькі масавых графічных выданняў на ЛГБТ-тэматыку.


Каманда кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» штогод робіць адмысловы кантэнт у падтрымку сваёй ідэі, але фармат коміксу выбраны ўпершыню. «У нас ўжо даўно была ідэя паспрабаваць такі інструмент, як комікс: ён раскрывае важныя сацыяльныя праблемы», — адзначыў Андрэй Палуда.

Над стварэнням «Мама, гэтая я…» працавала цэлая каманда мастакоў. Апроч комікса на аснове выдання створана пяць гіф-анімацый і два тызеры.

Сюжэт «Мама, гэтая я…» заснаваны на сапраўднай гісторыі. Важны аспект — паказаць не толькі лёс ахвяраў смяротнага пакарання і іх блізкіх, але і тых людзей, якія выносяць такі прысуд і здзяйсняюць легальнае забойства. Па словах праваабаронцы, выданне намагаліся зрабіць максімальна інтэрактыўным. У канцы кожнага асобніка размешчаны дзве паштоўкі. Выбар, якую адправіць, залежыць ад стаўлення чытача да смяротнага пакарання: прыхільніка ці праціўніка. Такая ідэя ўзнікла з амерыканскай гісторыі, калі напачатку ХХ стагоддзя ў ЗША з’явілася мода адпраўляць фотакарткі з суда Лінча. «Так для забавы рабілі нават суддзі», — распавёў Палуда.

У выніку дыскусіі ўсе спікеры пагадзіліся, што смяротнае пакаранне трэба адмяніць і што яно нават эканамічна некарыснае — адзін з галоўных аргументаў прыхільнікаў найвышэйшай ступені пакарання. Па словах Андрэя Палуды ў «расстрэльную каманду» ўваходзіць 13 чалавек з пастаянным заробкам і ранняй пенсіяй.

«Мама, гэтая я…» можна ўзяць у друкаваным фармаце ці спампаваць у электронным выглядзе на беларускай і англійскай мовах з музычным суправаджэннем.

Каментаваць