У Мінску праходзіць пратэст супраць інтэграцыі. Жывая трансляцыя

Апазіцыя ў Мінску рыхтуецца да чарговай акцыі супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй. Яна прымеркаваная да сённяшняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу. «Радыё Свабода» прапануе жывую трансляцыю з цэнтру Мінску.


Нягледзячы на адсутнасць дазволу ад уладаў, ціск і папярэджанні з боку міліцыі, затрыманні некаторых актывістаў і дыскрэдытацыю такіх акцый з боку дзяржаўных СМІ, шэраг прадстаўнікоў апазіцыі заклікаюць на пратэст на Кастрычніцкай плошчы ў пятніцу 20 снежня, у 18.00.

 


20:05 Пратэстоўцы ідуць на Зыбіцкую вуліцу.
Як паведаміў Павал Севярынец, калона пройдзе па вуліцы Нямізе, трапіць на галоўную барную вуліцу Мінску. Адтуль Севярынец плануе вярнуцца разам з пратэстоўцамі на Кастрычніцкую плошчу.

19:55 Нагадаем, што сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ўжо скончылася. Не вырашанымі засталіся тры пытанні, якія тычацца газавай, нафтавай і падатковай сфераў.

19:50 Усе выступоўцы нагадваюць, што заўтра ў Мінску пройдзе новы мітынг супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй.

19:46 Так выглядае мітынг на плошчы Незалежнасці з вышыні. Фота даслала Аліна Антанец.



19:38 Да пратэстоўцаў звяртаецца палітык Мікола Статкевіч.

19:33 Выступае Сяргей Антончык, якога Павал Севярынец прадставіў як «дэпутата незалежнасці», што выводзіў на гэтую плошчу дзясяткі тысячаў рабочых і дамагаўся незалежнасці (у пачатку 1990-х гадоў).

«Калісьці на гэтым будынку (Доме Ураду) была наша «Пагоня»і лунаў наш бела-чырвона-белы сцяг. Калісьці мы разам з вамі ўзнавілі нашую краіну, за якую змагаліся сотні пакаленняў беларусаў. І сёння над нашай краінай навісла смяротная пагроза», — сказаў Антончык.




19:21 Пратэстоўцы ўжо на плошчы Незалежнасці. Яны прыпыніліся насупраць Дому Ураду, дзе цяпер праходзіць мітынг.
На кадрах відаць шмат людзей, бел-чырвона-белых сцягоў, сцягоў з гербамі розных гарадоў.
Павал Севярынец кажа пра некалькі тысяч чалавек, якія цяпер удзельнічаюць у акцыі пратэсту. Паводле «Вясны», на плошчы Незалежнасці цяпер 1600 чалавек
 


18:58 Павал Севярынец каля будынку КДБ кажа: «Сёння дзень чэкіста. У гэты дзень Пуцін і Лукашэнка сабраліся ў Піцеры дзяліць Беларусь. Хай не думаюць, што яны святкуюць сваю перамогу».

18:55 Каля будынку КДБ на праспекце Незалежнасці пратэстоўцы прыпыніліся, яны скандуюць «Ганьба».


18:50 У шэсці сустрэлі прадстаўнікоў «Моладзевага блоку» — Стаса Шашка і Алану Гебрэмарыям.

«З дапамогай музыкі спрабуем амаладзіць гэты «дзвіж». Мы тут не ходзім з сумнымі тварамі, не плачам. Пакуль не плачам», — сказаў Стас Шашок падчас жывой трансляцыі Свабоды.

«Хаця б зараз мы можам выйсці і заявіць тут пра свае правы. Паказаць, што мы можам збірацца на вуліцы. Варта дзяржаве прыслухоўвацца да нашых грамадзян. Таму што калі нашую дзяржаву «сальюць», не будзе добра ні нам, ні кіраўніцтву», — дадаў Шашок .

18:38 Калона пратэстоўцаў рухаецца з Кастрычніцкай на плошчу Незалежнасці.



18:25 Некалькі соцень людзей чалавек на Кастрычніцкай плошчы.
Севярынец правёў пераклічку паміж пратэстоўцаў. Сюды прыехалі людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Адклікаліся людзі з Брэсту, Віцебску, Гомелю, Гродна, Магілёва, Пінска, Маладзечна.



18:20 Хто з вядомых людзей заўважаны на плошчы? Прыйшлі Алена Анісім, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, палітыкі Мікалай Статкевіч, Вольга Кавалькова, Юрась Губарэвіч. Вячаслаў Сіўчык. Таксама тут Сяргей Антончык, дэпутат парламенту ў 1990-я.
Прыйшлі блогеры Зміцер Казлоў («Шэры кот») і Сяргей Ціханоўскі («Краіна для жыцця»).
Мастак Алесь Марачкін, прыйшоў з плакатам, на якім напісаная цытата Аляксандра Лукашэнкі «На храна нам такі саюз».

18:05 Севярынец кажа, што акцыя пачнецца праз 40 хвілін, каб дачакацца ўсіх, хто збіраецца прыйсці на Кастрычніцкую плошчу.


18:00 Міліцыянер заклікае ўдзельнікаў мітынгу разысціся, бо «мерапрыемства несанкцыяванае».

17:58 Павал Севярынец на плошчы. Ён папрасіў пратэстоўцаў адысці далей ад ялінкі, каб не замінаць святу. На плошчы некалькі дзясяткаў людзей. Па ацэнцы карэспандэнткі Свабоды Аляксандры Дынько, тут каля 100–150 чалавек.



17:55 Размаўляем з першым чалавекам, які прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу з бел-чырвна-белым сцягам. Ён прыехаў сюды з Вілейкі, каб «абараніць суверэнітэт Беларусі».

17:50 На плошчы з’явіўся прынамсі адзін палітык — Юрась Губарэвіч з руху «За Свабоду». Вакол яго сабраліся журналісты. Пакуль прадстаўнікоў СМІ больш, чым удзельнікаў акцыі планаванай акцыі пратэсту.


17.40 На Кастрычніцкай плошчы шмат людзей, але гэта не пратэстоўцы. Бацькі з дзецьмі ідуць да Палацу Рэспублікі, дзе, відаць, сёння ладзіцца святочная праграма.

Зрэшты, пакуль усё спакойна. Некалькі нарадаў ДАІ каля Кастрычніцкай плошчы. У навакольных дварах шмат міліцэйскай спецтэхнікі. Але аўтазакаў у ваколіцах Кастрычніцкай плошчы пакуль не заўважана.


17:20 Пакуль усё ціха, нічога надзвычайнага не адбываецца. Людзі шпацыруюць, фатаграфуюцца каля святочнай ялінкі ў цэнтры плошчы.

16:40 Карэспандэнт “Свабоды” перадае, што супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным ужо дзяжураць на Кастрычніцкай плошчы. На паркоўцы па вуліцы Энгельса шмат тыповых сініх мікрааўтобусаў, на якіх прывозяць міліцыянтаў падчас акцый пратэстаў. Па перыметры Кастрычніцкай стаяць групы па некалькі чалавек у цывільным.


 

16:20 Яшчэ ў абед паркоўкі ўздоўж вуліцы Энгельса былі перакрытыя. Каля Палацу Рэспублікі былі складзеныя турнікеты, якімі звычайна абгароджваюць тэрыторыю на масавых мерапрыемствах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: