У Мінску пройдзе семінар аб тым, як захаваць здароўе ў турме

19 жніўня ў Мінску ў прасторы "Хто такі Джон Голт" адбудзецца семінар "Як захаваць здароўе ў турме". Падчас трохгадзіннага занятку наведвальнікі даведаюцца, як правесці турэмны тэрмін так, каб потым не прыйшлося ўсё жыццё працаваць на лекі і як максімальна эфектыўна дапамагчы свайму блізкаму чалавеку за кратамі не згубіць здароўе.

Весці семінар будзе былы палітвязень, актывіст анархісцкага руху і аўтар Новага Часу Мікола Дзядок.

Тэмы, якія будуць раскрытыя на семінары:

- Канкрэтныя фактары, якія шкодзяць здароўю (пераадольныя і непераадольныя) і іх мінімізацыя
- Найбольш частыя турэмныя захворванні
- Разбор асабістых гісторый зняволеных, якія перамалі свае хваробы
- Псіхічнае здароўе зняволеных і іх рэабілітацыя пасля вызвалення
- Канкрэтныя сродкі і практыкі для захавання здароўя

... і многае іншае.

— Чаму я лічу сябе ў праве размаўляць на падобныя тэмы? Пяць год я правёў у беларускіх турмах па палітычных матывах. З іх чатыры - у камернай сістэме. Падчас барацьбы за свае правы я паспрабаваў як легальныя (скаргі, заявы), так і нелегальныя (членашкодніцтва і парушэнне рэжыму) метады. Захаванне здароўя ў крайне агрэсіўных умовах няспыннага прэіснгу стала для мяне фактарам выжывання. Выйшаўшы з турмы, я атрымаў вышэйшую адукацыю і зараз працую журналістам, займаюся палітычным блогерствам і раблю адукацыйныя мерапрыемствы. — кажа Мікола Дзядок.

Турма — не курорт. Гэта любяць паўтараць розныя начальнікі і адміністрацыя, калі родныя асуджаных ці самі асуджаныя скардзяцца на кепскія ўмовы ўтрымання. Праўда, ніхто з іх не тлумачыць, чаму на гэтым "некурорце" маладыя, поўныя сілаў людзі робяцца хілымі і хваравітымі, а тыя хто быў хваравітым - робяцца інвалідамі? Бо "пазбаўленне волі" не раўно "пазбаўленне здароўя". Чаму ж тады арыштантаў на яго выракаюць? — пытаюцца арганізатары семінара.

Так ці інакш, ісціна ў тым, што калі сам арыштант і ягоныя родныя не патурбуюцца аб захаванні свайго здароўя, то за іх гэтага ніхто не зробіць.

Удзельнікі семінара 19 жніўня атрымаюць чэк-лісты з даведачнай інфармацыяй і змогуць асабіста паразмаўляць з лектарам. Ніякай "вады" - толькі максімальна лаканічная і карысная інфармацыя.

Семінар адбудзецца 19 жніўня, у панядзелак па адрасе Мінск, вул. Шорная, 20 (вольная прастора "Хто такі Джон Голт?")

Падзея ў ВК

Паводле прэс-рэлізу.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!