У Мінску прынялі план па барацьбе з каронавірусам

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт рашэннем №1069 ад 7 красавіка зацвердзіў План дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнню распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19. Ён апублікаваны на сайце выканкама.
План прадугледжвае працяг інфармацыйна-тлумачальнай працы з насельніцтвам. Акрамя таго, плануецца прыняць меры, каб у арганізацыях усіх форм уласнасці не дапускалася праца супрацоўнікаў з прыкметамі рэспіраторных захворванняў.

Нарады, семінары і пасяджэнні павінны праводзіцца з выкарыстаннем відэа-і аўдыяканферэнцый, выезды супрацоўнікаў у камандзіроўкі не будуць дапускацца.

Бібліятэкі, музеі, выставачныя залы будуць працаваць без правядзення масавых мерапрыемстваў. У бібліятэках зачыняюцца чытальныя залы.

Адмяняецца правядзенне выстаў, прэзентацый, кірмашоў.

Сацыяльныя ўстановы для пажылых зачыняюцца для наведвання староннімі. Павінен быць арганізаваны кантроль за здароўем персаналу.

План прадугледжвае, што тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва будуць забяспечваць патрэбнасці пажылых у прадуктах, леках і г.д. Работнікі цэнтраў і валанцёры, якія дапамагаюць ім, павінны быць забяспечаны сродкамі абароны, антысептыкамі.

Уводзіцца спецыяльны рэжым працы дзіцячых дашкольных устаноў. Бацькі могуць забіраць дзяцей, пры гэтым плата за тых, хто не наведвае, не будзе збірацца, а месца за імі ў дзіцячым садзе захаваецца. У саміх установах патрабуецца абмежаваць перасоўванне супрацоўнікаў у рамках адной групы, прадугледзець мерапрыемствы, накіраваныя на раз'яднанне дзяцей.

У школах дзеці павінны будуць знаходзіцца ў рамках аднаго класа. Бацькі таксама могуць прыняць рашэнне аб ненаведванні дзецьмі школы.

У ВНУ, ССНУ і ПТВ рэкамендуецца выключыць правядзенне групавых заняткаў і арганізаваць працэс з элементамі дыстанцыйнага навучання, навучання па індывідуальных графіках.

Таксама павінны быць прыняты меры для ўтрымання студэнтаў па месцы вучобы, без выездаў па месцы жыхарства. Спартыўныя збудаванні навучальных устаноў не павінны выкарыстоўвацца староннімі.

Забараняецца наведванне інтэрнатаў староннімі, правядзенне ў іх культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў.

Засяленне пастаяльцаў у гасцініцы павінна праводзіцца з максімальным выдаленнем адзін ад аднаго, правядзеннем апытання аб стане здароўя, штодзённым вымярэннем тэмпературы цела.

Планавае абслугоўванне жылфонду пераносіцца.

У пад'ездах жылых дамоў і аб'ектах часовага размяшчэння павінна праводзіцца прыборка з выкарыстаннем мыйных і сродкаў дэзінфекцыі, апрацоўка дзвярных ручак, поручняў, выключальнікаў, панэляў ліфтаў і г.д.

У аб'ектах грамадскага харчавання павінна быць забяспечана адлегласць паміж сталамі не меней 1,5 метра. Пасля 15:00 павінен быць забяспечаны 60-хвілінны перапынак для дэзінфекцыі памяшканняў і абсталявання. Заказныя мерапрыемствы ў аб'ектах грамадскага харчавання забараняюцца.

У ТРЦ і крамах забараняюцца групавыя прэзентацыі, дэгустацыі і г.д. Работнікі гандлёвых аб'ектаў павінны выкарыстоўваць маскі, пальчаткі, антысептыкі для апрацоўкі рук.

Планам прадугледжана рэгулярная дэзінфекцыя і апрацоўка транспарту.

У храмах павінна быць забяспечана рэгулярнае мыццё і антысептыка рук, прыборка памяшканняў з выкарыстаннем дэзінфекцыйных сродкаў, апрацоўка мэблі, дзвярных ручак, абразоў, начыння, богаслужбовых сасудаў, праветрыванне памяшканняў.

Забяспечваецца кантроль за выкананнем самаізаляцыі для тых, хто прыбыў з-за мяжы.

У кінатэатрах, тэатрах і іншых аб'ектах культуры наведвальнікі павінны знаходзіцца на адлегласці не менш за 1,5 метра адзін ад аднаго.

У цырульнях, салонах прыгажосці і г.д. прыём можа весціся толькі па папярэднім запісе з інтэрвалам паміж кліентамі не менш за 5 хвілін. Абавязкова выкарыстанне масак персаналам.

Суб'ектам гаспадарання рэкамендуецца разгледзець пытанне аб далейшым функцыянаванні дыскатэк, начных клубаў, кальянных, боўлінга, більярдных, камп'ютарных клубаў.

Кіраўнікам гасцініц, гандлю, грамадскага харчавання, сацслужбы, арганізацый пошты і інш. трэба забяспечыць штодзённую тэрмаметрыю супрацоўнікаў перад пачаткам працы. У выпадку падвышанай тэмпературы такія работнікі павінны ўхіляцца.

У арганізацыях усіх форм уласнасці ў памяшканнях са знаходжаннем работнікаў павінна быць забяспечана вільготная прыборка з мыйнымі і дэзінфікуючым сродкамі, эфектыўная работа сістэм вентыляцыі і кандыцыянавання. Таксама колькасць рабочых у змену павінна быць абмежавана. Патокі паміж зменамі размяжоўваюцца з перапынкам у 30 хвілін. Староннія не павінны наведваць памяшканні арганізацый. Супрацоўнікі службаў, якія займаюцца рамонтам або абслугоўваннем абсталявання, могуць наведваць арганізацыі толькі пры выкананні масачнага рэжыму.

reform.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: