«Саша вельмі хацеў жыць». У Мінску развіталіся з загінулым пратэстоўцам (фота)

Сёння ў апошні шлях правялі забітага падчас мірных пратэстаў Аляксандра Тарайкоўскага. 
Ужо за 15 хвілін тут, ля Рытуальнай залі на Альшэўскага, даволі багата людзей. Стасуюцца між сабою, кветкі трымаюць, лозунгаў не выгукваюць.

Машыны, што праязджаюць міма, не сігналяць.
Варта адзначыць, што гэта непадалёк ад Пушкінскай, дзе ён загінуў.
Распарадчык заклікаў спачатку ўсіх разам не заходзіць — толькі блізкія родзічы. А потым, паабяцаў ён, развітацца змогуць усе.

На Пушкінскую ідуць патокі людзей з кветкамі. Машыны сігналяць. Паўсюль чэргі па кветкі.


Людзі падыходзяць. Некаторыя стаяць і назіраюць на іншым баку вуліцы.


Чуваць, як гудуць машыны на Пушкінскай, але тут, ля развітальнай залі, ніхто не сігналіць.

На развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім прайшлі спадар Уладзімір Някляеў з жонкай, а таксама жанчыны з ініцыятывы Маці 328.


Людзі моўчкі паднялі кветкі ў знак развітання.

Тым часам на Пушкінскай людзі скандуюць "Жыве Беларусь!" і "Уходи".


Людзі кажуць: "Не забудзем, не даруем".

Фота Арцёма Лявы

Тым часам, усіх пачалі запускаць у рытуальную залю.


На Пушкінскай машыны спынілі рух, гудуць. Тысячы людзей па абодва бакі праспекта з кветкамі


На развітанне ў рытуальнай залі прыехалі байкеры.


Прыйшлі нават людзі з маленькімі дзецьмі.


На Пушкінскай людзі прынеслі ваду, скандуюць "Трыбунал!", "У адстаўку!", таксама шмат з дзецьмі, сабакамі — дзясяткі тысяч чалавек. З кінатэатра "Аўрора" звесілі вялізны бел-чырвона-белы сцяг. Міліцыі няма.

На Пушкінскай рух час ад часу спыняецца, людзі са сцягамі выходзяць на праезджую частку, потым сыходзяць, прапускаюць машыны і транспарт.

Людзі крычаць: "Забастоўка!", "Адзін за ўсіх — і ўсе за аднаго!", "Мы здесь власть", "Гэта наша краіна".


Чалавек у мегафон абвяшчае, што, калі нехта хоча піць, ёсць вада. Нехта частуе прысутных марозівам.

Ля рытуальнай залі народу менее. Тыя, хто развітаўся, часткова сыходзяць у бок Пушкінскай. Але новыя людзі таксама пад'язджаюць і падыходзяць

На Пушкінскай плакаты робяць наўпрост на месцы.

Цырымонія развітання з Аляксандрам Тарайкоўскім сканчаецца. Не хапіла людзей, каб сабраць усе прынесеныя кветкі і вянкі. Давялося выклікаць з прысутных. Людзі правадзілі труну ў машыну пад воклічы "Слава героям" і "Жыве Беларусь" і апладысменты. Актывісты КХП-БНФ спяваюць "Магутны Божа".

Ад рытуальнай залі людзі рушылі ў бок "Пушкінскай". І толькі цяпер кіроўцы машын, што праязджаюць міма, пачалі іх падтрымліваць сігналамі.

Пад'ехала Вольга Кавалькова.

Аляксандра Тарайкоўскага пахаваюць на Заходніх могілках. Магіла ўжо падрыхтавана, яна знаходзіцца каля ўваходу, наўпрост насупраць магілы Вікторыі Ткачук — актывісткі, якая заўчасна памерла ў 2017 годзе пасля цяжкай хваробы.


Развітацца з Аляксандрам на могілкі прыехала некалькі дзясяткаў чалавек. Вельмі шмат кветак. Ля труны плача мама Аляксандра.

Людзі падыходзяць развітацца.


Развітацца з Аляксандрам прыехалі Алег Волчак, Глеб Лабадзенка, Валерый Буйвал з КХП-БНФ.


Выступае Алег Волчак: ён таксама быў там, паказвае параненую нагу. Паводле Волчака, гэта была спецаперацыя, і Саша — герой і абаронца.

Алег Волчак паведаміў, што "Прававая дапамога насельніцтву" рыхтуе заяву, каб быў помнік і ўзнагарода для Аляксандра. Ён быў мужным, сапраўдным мужчынам, які супрацьстаяў злу.

Агенцтва Associated Press апублакавала фатаграфію моманта незадоўга да смерці Аляксандра Тарайкоўскага. Фота Мсціслаў Чарноў / Associated Press

Агенцтва Associated Press апублакавала фатаграфію моманта незадоўга да смерці Аляксандра Тарайкоўскага. Фота Мсціслаў Чарноў / Associated Press

Мама: "Сашанька, мы будзем помніць цябе".


Дзяўчына, якая жыве на Пушкінскай, гаворыць, што адчыняла пад'езд, каб хаваць пратэстоўцаў. Вельмі спачувае блізкім.

"Слава героям!" — выгукнуў нехта. "Слава!" — адказваюць людзі.

Жонка Аляксандра: "Саша вельмі хацеў жыць, у яго былі вялікія планы на будучыню, каб яго дзеці жылі нармальна. Я не ведаю, як ён аказаўся на плошчы, шукала яго па бальніцах і РАУСах. Думала, самае страшнае, што можа здарыцца, — тэрмін. А аказалася вось так..."

Пад "Магутны Божа" апускаюць труну.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: