У Мінску стартаваў дабрачынны марафон у дапамогу дзецям з аўтызмам (фота)

Ідэйным натхняльнікам 24-гадзіннага марафона з’яўляецца знакамітая беларуская спартсменка Аляксандра Герасіменя. Арганізатарам і спонсарам выступіла кампанія А1 і відэасэрвіс VОКА.
Знакамітыя спартоўцы і звычайныя мінчукі ў складзе каманд сваіх прадпрыемстваў стартавалі ўчора ўвечары на стадыёне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Фізкультурнікі, змяняючы адзін аднаго, будуць бегчы цягам сутак. Таксама стартавалі заплывы ў мінскім басейне «Трактар».


 Да марафона можна далучацца, прабегшы ў любым месцы або праплыўшы ў любым басейне ды адзначыць працягласць забегу або заплыву пры дапамозе любога фітнес-дадатка і размясціць скрыншот на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хэштэгам #VOKA24.


Паводле ўмоў дабрачыннага марафону «24 Разам», беларусам трэба прабегчы або праплыць за суткі ў агульнай складанасці 10 000 гадзін. Тады відэасэрвіс VOKA пералічыць 50 000 рублёў міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» і праекту «Спорт-інклюзія».

Ужо ў скарбонку дабрачыннага марафону свой уклад унеслі гандбольны клуб СКА-Мінск, гульцы якога на зборы ў Славеніі прабеглі агулам 44 гадзіны, а таксама нацыянальная жаночая зборная па хакеі на траве — больш за 15 гадзін. Плануюць свой удзел вядомыя айчынныя і замежныя клубы, у складзе якіх гуляюць беларускія гульцы.

Пра свой удзел у марафоне заявілі знакамітасці. Аляксандра Герасіменя, Надзея Скардзіна, Кацярына Вандар'ева, Вольга Хіжынкова, Дар'я Домрачава, Анастасія Верамеенка, Марына Арзамасава, Аляксандра Сасновіч, Марына Слуцкая, Дзмітрый Асанаў, Віталь Радзівонаў і многія іншыя. Сярод клубаў краіны — у тым ліку прадстаўнікі гандбольнага СКА, футбольнага БАТЭ, хакейнага «Дынама». Свой удзел у марафоне «24 РАЗАМ» ужо пацвердзілі і беларускія артысты, у тым ліку спявачка Ганна Шаркунова і мадэльер Іван Айплатаў.


На марафон ужо зарэгістравалася вялікая колькасць карпаратыўных камандаў. У складзе каманды ФК «Дыпламат» у дабрачынным марафоне возьмуць удзел супрацоўніці амбасадаў Германіі, Чэхіі, Венгрыі, Расіі, Казахстана, Венесуэлы, Славакіі і іншых краінаў.

Самыя трывалыя бегуны — тыя, хто пераадолее найбольшую колькасць кіламетраў за суткі, — будуць заахвочаныя каштоўнымі падарункамі ад відэасэрвісу VOKA, кампаніі Xiaomi.



Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!