Дзень на хадайніцтвы і недопуск прэсы. У Мінску — суд над Віктарам Бабарыкам

У Мінску пачынаецца суд над экс-кандыдатам у прэзідэнты Віктарам Бабарыкам. Працэс будзе праходзіць у судзе Маскоўскага раёна Мінска, хаця разглядаць справу будзе Вярхоўны суд.

17.05 Перапынак у працэсе да 11 гадзін 18 лютага, паведаміў тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

16.45 У судзе пачалі чытаць абвінавачванне. У ім 340 старонак. Пачынаюць са службовых абавязкаў Віктара Бабарыкі ў «Белгазпрамбанку», якім ён кіраваў да таго, як заявіў пра жаданне прыняць удзел у выбарах прэзідэнта Беларусі.

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі ў падтрымку хадайніцтва Бабарыкі распавядае, як адвакатам перашкаджалі мець зносіны з падабаронным: іх не пускалі ў СІЗА і нават цяпер у перапынку суда абаронцаў да клеткі не падпускаюць. Суддзя вырашыў: хадайніцтва задаволіць часткова, скаргі далучылі, а просьбу Бабарыкі даваць дзень на тыдзень для зносін з абаронцамі «пакінуць без разгляду».

Як паведамляе Tut.by, хадайніцтва таксама заявіў сам Віктар Бабарыка. Ён просіць адзін дзень на тыдзень для азнаямлення са справай і дазволіць яму жэстыкуляваць. Суддзя дазволіў жэстыкуляваць, калі Віктар Бабарыка дае паказанні, а ў астатні час — «па дазволе суду».

Хадайніцтва заявіла адвакатка Бабарыкі Наталля Мацкевіч. Яна сабрала ўсе сюжэты дзяржаўных СМІ пра гэтую справу, дзе гучаць словы «ёсць неабвержныя доказы», «устаноўлена», «праваахоўнікі ўпэўненыя». Адвакатка кажа аб парушэнні прэзумпцыі невінаватасці і просіць аб судовай ацэнцы гэтых фактаў і далучэнні гэтых публікацый і скаргі на іх у пракуратуру і Мінінфарм да справы. Хадайніцтва задаволена толькі часткова: далучылі скаргі і адказы, але не матэрыялы СМІ.

Яшчэ адно хадайніцтва Яўгена Пыльчанкі: два сведкі, Аляксей Сцяпанаўс і Аляксандр Растоўс, якія шмат разоў згадваюцца ў справе і, паводле матэрыялаў следства, задзейнічаныя ў схемах, не былі дапытаныя і не выкліканыя ў суд. Адвакат хадайнічае аб іх выкліку. Суддзя кажа, што хадайніцтва будзе вырашанае на працягу бліжэйшага часу.

15.50 Яшчэ адно хадайніцтва заявіў адвакат Бабарыкі Яўген Пыльчанка: дазволіць фатаграфаваць матэрыялы справы (іх ажно 122 тамы), бо «ад рукі гэта перапісаць немагчыма». Гэтае хадайніцтва не было задаволенае.

Адвакат Лаеўскі падаў яшчэ адно хадайніцтва — на зняцце арышту з маёмасцi самога Віктара Бабарыкі. І яно было адхіленае.

15.10. Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі заявіў хадайніцтва аб адмене арышту нерухомай маёмасці. У прыватнасці, гаворка ідзе аб кватэры і гаражы ў Мінску, якія належаць на праве ўласнасці Марыі Ховарт (дачцэ Віктара Бабарыкі). Суд не знайшоў падстаў для задавальнення заяўленага хадайніцтва, перадае БЕЛТА з залы суда.

У судзе абвешчаны перапынак да 14.30.

13.00. Віктару Бабарыку не зменяць меру стрымання на хатні арышт. Суд адхіліў хадайніцтва абароны.

Абарона Бабарыкі працягвае заяўляць хадайніцтвы. Напрыклад, прасіла пусціць у залу журналістаў недзяржаўных СМІ і прадстаўнікоў інтэрнэт-рэсурсаў. Суддзя заявіў, што гэта не адносіцца да прадмета судовага разбору, хадайніцтва далучаецца да матэрыялаў крымінальнай справы.

Наступнае хадайніцтва абароны Бабарыкі: змяненне падабароннаму меры стрымання на хатні арышт. Адвакат аргументуе хадайніцтва тым, што следчыя дзеянні ўжо не праводзяцца, следства не даказала, што Бабарыка можа схавацца, перашкодзіць следству або здзейсніць іншыя злачынствы. Ён не з’ехаў з краіны, калі быў яшчэ на волі, а супрацоўнікаў «Белгазпрамбанка» ўжо затрымлівалі, з’яўляўся па выкліку, у яго прыстойная біяграфія, раней не парушаў закон, ёсць пастаяннае месца жыхарства, за яго паручыліся пісьменніца Святлана Алексіевіч, дызайнер Уладзімір Цэслер, кіраўніца фонду «Шанец» Наталля Маханько і яшчэ не менш за 30 чалавек, перадае TUT.BY.

Суд не падтрымаў хадайніцтва Дзмітрыя Лаеўскага.

11.40 Адвакат Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі просіць адвод суддзі Ігара Любавіцкага, спасылаючыся на тое, што яго жонка з'яўляецца саўладальніцай бюро, дзе працуе адвакат аднаго з абвінавачаных, Віктара Кабяка (заснавальнік кампаніі «Активлизинг»), які абвінавачваецца ў дачы хабару паўторна або ў буйным памеры, паведамляе ТГ-канал Віктара Бабарыкі.

На першае пасяджэнне пусцілі сваякоў падсудных па спісе, частка сваякоў не трапіла на працэс, шмат людзей у майках і масках з сімволікай штабу Бабарыкі, са звычайных наведвальнікаў у залу змаглі трапіць 20-30 чалавек. Сярод іх — сябра Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў. Больш за сотню чалавек засталіся на вуліцы. Першыя шэрагі ў залі — у журналістаў: гэта дзяржаўныя СМІ і расійскія агенцтвы, незалежных СМІ няма, іх не пусцілі. У залі таксама прысутнічае Юрый Васкрасенскі, прадстаўнікі амбасад Аўстрыі і Францыі, больш за дзясятак моцных мужчын без сымболікі.

Віктара Бабарыку прывезлі ў зал суда. На відэа, якое з'явілася ў сеціве, Бабарыку заводзяць у клетку для абвінавачаных. Увесь гэты час ён трымае рукі за спінай: і калі заходзіць, і калі садзіцца на лаўку, і нават калі сядзіць. Не выключана, што Бабарыку пакінулі ў кайданках.

Скрыншот з відэа Motolkohelp

Падтрымаць яго прыйшло вельмі багата людзей. Унутр залі пускаюць толькі адвакатаў і сваякоў. Астатніх просяць выйсці. Каля ўваходу ў суд сабралася каля сотні чала-ек. Яны крычаць: «Запускай!» — і просяць, каб ім дазволілі прысутнічаць на адкрытым працэсе.

Фота Радыё Свабода

Як перадае карэспандэнт «НЧ», адбор тых, каму дазволена прысутнічаць у залі, насіў выпадковы характар. Журналіст «Новага Часу» быў адзіным на той час прадстаўніком прэсы, але яму памочніца старшыні суда Жураўская фактычна адмовіла ў магчымасці прысутнічаць. Па-за дзвярыма засталося 5 «лішніх» чалавек.

Як паведамлялася раней, на працэс не здолеюць патрапіць журналісты беларускіх недзяржаўных СМІ. Улады ў чарговы раз выкарысталі эпідэмію COVID-19, якой, паводле слоў Лукашэнкі, у нас няма. Прадстаўнікоў незалежных сродкаў масавай інфармацыі (TUT.BY, Onliner, «Беларусы і рынак», БелаПАН, Naviny.by, «Наша ніва», «Новы час») не пусцяць у залу судовага пасяджэння. На сайце Вярхоўнага суда з'явілася аб’ява аб тым, што «пытанне допуску жадаючых дазваляецца судом з улікам умяшчальнасці залы». У апублікаваным тэксце паведамляецца, што «згодна з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя, неабходная дыстанцыя паміж наведвальнікамі павінна быць не менш за 1-1.5 метра адзін ад аднаго».

Як перадаў карэспандэнт «Новага часу» ў 9.20, побач з судом ужо знаходзіліся 3 бусіка з АМАПам і машына ДАІ. Ля залы, як і ўчора на працэсе над Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Бахвалавай, усталяваныя рамкі металадэтэктараў і знаходзяцца супрацоўнікі ў цывільным.

Сам працэс павінен пачацца аб 11-й гадзіне.

Віктару Бабарыку, які вылучыўся кандыдатам у прэзідэнты і сабраў найбольшую колькасць подпісаў у сваю падтрымку сярод незалежных кандыдатаў, прад’яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 430, ч. 2 арт. 235 КК аб атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама аб легалізацыі («адмыванні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры адпаведна. У КДБ яго назвалі арганізатарам злачыннай дзейнасці. Віктар Бабарыка не прызнаў сваю віну.

Намеснікам старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, а таксама былым першаму намесніку старшыні праўлення Аляксею Задойку і намесніку старшыні праўлення Сяргею Дабралёту абвінавачванне прад'яўлена па ч. 3 арт. 430 КК. Яны абвінавачваюцца ў атрыманні хабару.

Акрамя таго, дырэктар ТАА «Активлизинг» Віктар Кабяк абвінавачваецца па ч. 2 арт. 431 КК Рэспублікі Беларусь (дача хабару ў буйным памеры). У Генпракуратуры сёння назвалі памер хабару: не менш за 2,476 млн. долараў.

Віктару Бабарыку таксама закідаюць здзяйсненне фінансавых аперацый для надання правамернасці валодання сродкамі, загадзя атрыманымі злачынным шляхам. Гаворка ідзе аб набыцці размешчаных у Мінску двух капітальных пабудоў на суму 1 млн. рублёў і іншай маёмасці.

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, праверка датычнасці службовых асоб ААТ «Белгазпрамбанк» да карупцыйных злачынстваў была пачата ў 2018 годзе. Раскрыццю злачынных фінансавых аперацый, сярод іншага, спрыяла атрыманне звестак з Рэспублікі Кіпр у адказ на просьбу аб аказанні прававой дапамогі па крымінальнай справе.

Аднак усім відавочна, што «справа Белгазпромбанка» — палітычна матываваная. Бабарыку арыштавалі ў час падачы подпісаў на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты.

Бабрыка ўжо 8 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Напярэдадні працэсу ён напісаў ліст да беларусаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: