У Мінску судзяць абаронцаў Курапатаў (дапаўняецца)

У чацвер 18 красавіка ў судзе Мінскага раёна разглядаюцца адміністрацыйныя справы абаронцаў Курапатаў.

Першым асудзілі Філіпа Шаўрова, паведамляе spring96.org. Суддзя А. Колабаў прызнаў актывіста вінаватым па двух артыкулах КаАП — 17.1 "Дробнае хуліганства" і 23.4 "Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых абавязкаў", і аштрафаваў Філіпа Шаўрова на 40 базавых велічінь.

У 10 гадзін пачаўся працэс над Валерыем Рабцавым, ён бароніць сябе сам.

Справу разглядае суддзя Анжаліка Казлова. Валерыя Рабцава вінавацяць у "дробным хуліганстве" (арт. 17.1 КаАП), якое ён нібыта ўчыніў 4 красавіка ва ўрочышчы Курапатаў. Актывіст заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы і аб выкліку сведкі.

Пасля перапынку Валеры Рабцаў распавёў у судзе, што ён прыехаў у Курапаты, каб даведацца ці ёсць у арганізацыі "Заславль Строй Індустрыя" дазвол на знос крыжоў. Адзначае, што не мог знаходзіцца фізічна ў 11.30 у месцы складання пратакола, як гэта ў ім запісана. Валеры Рабцаў здымаў на тэлефон затрыманне людзей, але неўзабаве да яго падскочылі супрацоўнікі ў цывільным, выхапілі тэлефон, выдалілі відэа і скінулі наладкі да заводскіх. Рабцаў адзначае, што бачыў, як супрацоўнікі затрымлівалі Ніну Багінскую, Віталя Трыгубава. Да яго самаго падышлі моўчкі ззаду, выбілі тэлефон, скруцілі, кінулі ў аўтобус. Хто круціў, актывіст не бачыў. Пасля гэтага яго пратрымалі дзевяць гадзін ў міліцэйскім участку і потым адправілі на ІЧУ.

Сведкай выступае супрацоўнік АМАП Віталій Атрасевіч. Ён сцвярджае, што тэхніка і крыжы былі абгароджаныя, Ніна Багінская легла на крыжы, у гэты час Рабцаў вёў здымку на агароджанай тэрыторыі. Калі супрацоўнікі міліцыі неслі Багінскую ў спецтранспарт, Рабцаў і Сабалеўскі сталі перашкаджаць затрыманню. Пасля гэтага Валерый быў затрыманы, а Сабалеўскі збег. Сам Віталій Атрасевіч прымаў удзел у затрыманні Валерыя Рабцава.

Аднак актывіст настойвае, што ніякай агароджы не было. Ён заявіў хадайніцтва аб праглядзе відэа з месца здарэння, аднак суддзя адхіліла яго, бо невядома, хто яго здымаў, а самаго Рабцава на ім няма.

Наступным у суд выкліканы Міхаіл Сабалеўскі. Ён сведчыць, што дакладна тэхніка не была агароджаная, а супрацоўнікаў у форме ён не бачыў. Калі пачалі затрымліваць Рабцава ён збег, бо спужаўся людзей у цывільнай вопратцы.

Суддзя Анжаліка Казлова палічыла віну Валерыя Рабцава даказанай і аштрафавала яго на шэсць базавых велічынь.

Справу супраць самаго Міхаіла Сабалеўскага разглядаў суддзя Павел Жэчко. Яго таксама, як і Валерыя Рабцава абвінавацілі ў "дробным хуліганстве". Актывіста аштрафавалі на 10 базавых велічынь.

У 11 гадзін пачаўся суд над 72-гадовай Нінай Багінскай. Судзіць яе будзе Віктар Шаўцоў. Сама Ніна Багінская на суд не з'явілася. Разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 17.1 КаАП у дачыненні да яе перанесены на 26 красавіка.

У 14.00 пачаўся разгляд справы ў дачыненні да Зміцера Дашкевіча. Яго вінавацяць па двух артыкулах — 17.1 і 23.4 КаАП. Справу разглядае Аляксей Крапачоў. Сведкам выступіў супрацоўнік міліцыі Шчэрбакоў. Суддзя вырашыў, што Зміцер Дашкевіч вінаваты ў прад'яўленых правапарушэннях і аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь.

Пасля абеду будуць разглядаць:

у 15.00 — справу Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава;

у 16.00 — справу Паўла Севярынца;

у 16.30 — справу Валянціны Яроменак.

Справу Паўла Севярынца разглядае суддзя Колабаў. Паводле артыкулаў 17.1 і 23.4 яму прысудзілі штраф у памеры 50 базавых велічыняў.


Фота Арцёма Лявы

Валянціне Яроменак прысудзілі 10 базавых велічынь па арт. 17.1 і 23.4.

Нагадаем, раніцай 4 красавіка стала вядома, што ў Курапатах прадстаўнікі Бараўлянскага спецыяльнага лясгасу масава зносяць крыжы. Абаронцаў мемарыяла, якія абурыліся такімі дзеяннямі, супрацоўнікі міліцыі пачалі масава затрымліваць. Некаторых актывістаў пасля ўтрымання ва УУС Мінскага раёна змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

З гэтай нагоды праваабрончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай у абарону мемарыяла "Курапаты". 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!