У Мінску супраць пратэстоўцаў ужылі вадамёт з аранжавай вадой. Нашто?

23 верасня пры падаўленні стыхійных пратэстаў сілавікі выкарыстоўвалі ў раёне стэлы «Мінск — горад-герой» вадамёты, прычым натоўп палівалі вадой, афарбаванай у аранжавы колер. TUT.BY тлумачыць, што гэта можа быць.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Каля 19 гадзін 23 верасня натоўп пратэстоўцаў на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава пачалі разганяць сілавікі. У нейкі момант з'явіўся вадамёт «Драпежнік», і на людзей паліўся струмень аранжавай вады. Пры гэтым вадамёт працаваў не «прамой наводкай» — гэта значыць, не выпускаў ваду наўпрост ва ўдзельнікаў пратэсту, як робіцца звычайна пры падаўленні — струмень ішоў высока ўверх, па-над галовамі, як быццам сэнс быў у тым, каб накрыць максімальную колькасць людзей. 

Чаму вада каляровая? Такую ўжо выкарыстоўвалі калі-небудзь раней? 

Так, выкарыстоўвалі. Так, ёсць інфармацыя, што Інданезійская паліцыя для разгону пратэстаў дадавала ружовы фарбавальнік у ваду для вадамётаў. Гэта рабілася для таго, каб пазначыць пратэстоўцаў, і каб іх было прасцей затрымаць пасля.

Вялікабрытанія, якая прадала гэтыя вадамёты Інданезіі, асудзіла такую практыку.

Фарбаваная вада можа быць таксама «ўзмоцненая» так званымі хімічнымі пасткамі —адмысловымі складнікамі, што маюць яркі колер, выяўляюцца на адкрытых участках цела (напрыклад, на твары). Яго немагчыма змыць даволі доўгі час (часам на працягу па меншай меры некалькіх тыдняў), і ён выразна бачны ва ўльтрафіялетавым спектры — дастаткова навесці на чалавека любую УФ-лямпу. Такім чынам, напрыклад, часта пазначаюць грошы, прызначаныя для хабарнікаў.

Да таго ж у ваду можна дадаваць не толькі фарбавальнік, але і слёзацечны газ.

Аднак перад намі, відаць, учора быў не той выпадак — вельмі малаверагодна, каб дзясяткі пратэстоўцаў, якіх накрылі струмені фарбаванай вады, не заўважылі, што вачам пры траплянні вады становіцца вельмі балюча. Прынамсі, у СМІ такой інфармацыі не з’яўлялася.

Прадстаўнікі ўнутраных войскаў Беларусі патлумачылі РІА “Новости”, што вада сапраўды была афарбаваная, аднак ніякіх спецыяльных дадаткаў не ўжывалася. Праваахоўнікі паведамілі выданню: «Гэта была вада, змяшаная з фарбай. Звычайная фарба, адмываецца з вопраткі яна звычайна. Ніякай шкоды нанесці не можа».

Паводле tut.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: