У Мінску ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага

Блізу дзясятка актывістаў сабраліся 2 лютага каля гарэльефа Кастусю Каліноўскаму, што на мінскім Палацы барацьбы, каб ушанаваць памяць нацыянальнага героя ў дзень яго нараджэння.
Напачатку мерапрыемства ўдзельнікі ўсклалі кветкі да мемарыяльнай шыльды, пасля чаго слова ўзяў мастак Мікола Купава. Ён яшчэ раз падкрэсліў выбітнасць асобы Каліноўскага ў гісторыі нацыянальна-вызвольнага змагання беларусаў і распавёў пра цяжкасці, якія спадарожнічалі ўсталяванню гарэльефа.

Іераманах Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы айцец Вікенцій Кавалькоў адслужыў памінальны малебен, а пратаірэй БАПЦ айцец Леанід Акаловіч асвяціў мемарыяльную шыльду. У сваёй прамове а. Леанід засяродзіў увагу на нескаронасці беларускага духу, які яскрава ўвасобіўся ў постацях правадыроў паўстанняў 1794 і 1863-64 гадоў – Тадэвушу Касцюшку і Кастусю Каліноўскім – і абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года.
Прыемна адзначыць, што цягам ушанавання, каб аддаць даніну памяці павагу нацыянальнаму герою, да мерапрыемства далучаліся і простыя менчукі.

На заканчэнні перад прысутнымі выступіў паэт і бард Зміцер Захарэвіч, прачытаўшы ўласны верш, прысвечаны змагарам за незалежнасць Бацькаўшчыны.

Скончылася акцыя памяці гучнымі поклічамі «Жыве Беларусь!»

Паводле Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!