У Мінску ўшанавалі памяць Міхася Жызнеўскага. Ёсць затрыманыя (фота)

У пятую гадавіну смерці на Майдане беларуса Міхася Жызнеўскага грамадскія актывісты сабраліся ў Мінску, каб ушанаваць яго памяць. 

Дзяніс Урбановіч, Вольга Мікалайчык і Ніна Багінская прыйшлі да помніку Тарасу Шаўчэнку, каб узгадаць Міхася Жызнеўскага, які стаў адной з першых ахвяраў сутыкненняў удзельнікаў Еўрамайдану з міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 года, калі «Беркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей. Першым застрэлілі ўкраінскага грамадзяніна армянскага паходжання Сяргея Нігаяна, другім — Міхася Жызнеўскага. У той дзень загінулі пяць чалавек, і чацвёра з іх — у выніку агнястрэльных раненняў у грудзі, шыю і галаву. Каля 200 пратэстоўцаў атрымалі раненні.
Фота Арцёма Лявы

Падчас акцыі лідар Маладога фронту Дзяніс Урбановіч узгадаў Алеся Чаркашына і Віталя Целяжэнку, якія ваявалі ў складзе тактычнай групы «Беларусь» і загінулі ў Данецкай вобласці ў жніўні 2015 года.
Фота Алены Ляшкевіч

Вольга Мікалайчык распавяла, як з часам пасталела сям'я Жызнеўскага і ўрэшце зразумела свайго сына. На жаль, бацька і маці Міхася пайшлі з жыцця ў 2018 годзе.

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Удзельнікі акцыі праспявалі «Магутны Божа» і гімн Украіны, а таксама запалілі жоўта-блакітныя фаеры.

Фота Алены Ляшкевіч



Абноўлена: пасля акцыі былі затрыманыя Дзяніс Урбановіч і Вольга Мікалайчык. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў Павел Севярынец.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!