У Мінску затрымалі Дзяніса Урбановіча

У Мінску, у раёне Камароўскага рынку, затрымалі Дзяніса Урбановіча, лідэра зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт». Пра гэта паведамляе пазбаўленай рэгістрацыі праваабарончы цэнтр «Вясна».
Затрыманне Дзяніса Урбановіча

Затрыманне Дзяніса Урбановіча

На скрыжаванні вуліц Кульман і Цнянскай, каля Дома быту, невядомыя ў цывільным запіхнулі яго ў мікрааўтобус.

Таксама сёння каля Камароўскага рынку, дзе праходзяць пікеты па зборы подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, Мікалая Казлова і Ганны Канапацкай, адбылося яшчэ некалькі інцыдэнтаў.

Невядомыя ў цывільным пасадзілі ў мікрааўтобус з таніраваным шклом маладога чалавека. Яшчэ аднаго хлопца (які крычаў «Ганьба!» супрацоўнікам ДАІ, што аштрафавалі кіроўцу, які сігналіў у падтрымку прысутным) адбілі жанчыны.

Таксама паступаюць паведамленні аб яшчэ некалькіх затрыманых, інфармацыя пра іх правяраецца.

Раней у Мінску, па дарозе да Камароўскага рынка, затрымалі апазіцыянера Мікалая Статкевіча. Яго машыну заблакавалі людзі ў цывільным, адабралі ключы запальвання і зацягнулі ў мікрааўтобус.

Паводле звестак праваабаронцаў, сёння ў розных гарадах Беларусі было затрымана каля 20 чалавек, у тым ліку і тры чалавекі з ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскіай.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: