Зносяць будынак ВДНГ

Сёння пачаўся дэмантаж будынку ВДНГ, які вядомы многім таксама як НВЦ «БелЭкспа» і як найбуйнейшае месца правядзення кніжных выстаў. Па 2014 год тут праходзілі Мінскія міжнародныя кніжныя выставы-кірмашы.

А ў красавіку знікне і галоўны корпус былой 2-й бальніцы. Ужо знесены дапаможныя карпусы бальніцы. На месцы знесеных будынкаў арабскі забудоўшчык плануе ўзвесці шматфункцыянальны комплекс. Пры дэмантажу галоўнага корпусу, які знаходзіцца побач з дарогай, існуюць пэўныя цяжкасці – абмежаваны праход пешаходаў, разборку ажыццяўляюць уручную, прычым па начах, з паўночы да 6 раніцы. Плануецца, што на наступным тыдні будзе разабраны галоўны корпус да другога паверха. А далей у ход пусцяць эскаватары з гідранажніцамі, якія па начах будуць разразаць сцяны, перакрыцці, арматуру.

Будаўнічая пляцоўка, ВДНГ 

Паралельна за зносам бальніцы адбудзецца і знос будынку ВДНГ. Выстаўныя канструкцыі ўжо вынесены. Першым будзе разабраная прыбудова павільёна, вядомага як «Свет кніг». Сюды большасць мінчан праходзіла за кнігамі, за школьнымі і канцылярскімі прыладамі. Жадаючыя паспелі зрабіць апошнія сэлфі на фоне кніжных радоў, а ўжо сёння ад павільёна застаўся толькі каркас. Апошняя выстава ў самым будынку ВДНГ прайшла ў мінулую нядзелю. Работы па зносу будынку плануецца завершыць у верасні бягучага году.

«БелЭкспа» (ВДНГ) падчас правядзення ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Люты, 2013 год.

Як паведамілі спецыялісты карэспандэнту «Камсамольскай праўды», напачатку будзе знята ўсё шкло, потым будуць «падразаць» ніжнія часткі металічных апор. Такім чынам, уся скрынка паступова асядзе ўніз, і пасля гэтага канструкцыі пачнуць разразаць і вывозіць. Ужо можна ўявіць, як будзе выглядаць будучы будынак. «Камсамолка» апублікавала эскізны малюнак будучага комплексу. Цэнтральны будынак са шкляным купалам на даху аддалена будзе нагадваць Палац Незалежнасці ў Мінску. У гасцініцы бачныя шэзлонгі, пляжныя парасоны, басейн. Побач – рэстарацыя з траўнікам на даху, якая будзе навісаць над Свіслаччу.

Слайд з прэзентацыі, якую паказвалі прэзідэнту падчас дакладу пра перспектывы развіцця Менска 2 верасня 2016 года. Фота: БЕЛТА.

Эскізны малюнак будучага комплексу. Фота прадстаўлена КУП «Мінская спадчына», інфаграфіка: Кацярына Марціновіч.

Размовы пра перанос будынку ВДНГ былі яшчэ ў 2010 годзе. Тады планавалася, што Нацыянальны выстаўны цэнтр «БелЭкспа» з цэнтра сталіцы пераедзе ў вёску Шчамысліца, што пад Мінскам. Такое рашэнне было прадыктавана тым, што выстаўны цэнтр у гэтай частцы горада не адказваў сучасным патрабаванням правядзення буйных экспазіцый – бракавала плошчаў і неабходнай інфраструктуры – складоў, пад'язных шляхоў, аб'ектаў сэрвісу. Па гэтым чынніку некаторыя буйныя выстаўныя кампаніі адмаўляліся ад супрацоўніцтва з мінскімі калегамі. А тэрыторыі ўказам прэзідэнта былі перададзены пад засваенне Дзяржаўнаму генеральнаму рэзервоваму фонду Султанату Аман. Асвойваць участак замежны фундатар планаваў яшчэ ў 2011 годзе. Апроч будынку ВДНГ, на тэрыторыі, якая належыць аманцам, знаходзяцца будынак 2-ой гарадской клінічнай бальніцы, будынкі энергетыкі (ТП-159), а таксама Алея Сяброўства.

Будаўнічая пляцоўка, былая 2-я бальніца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: