У Мінску зносяць найстарэйшую гарадскую лазню

Лазня №1 на вуліцы Багдана Хмяльніцкага ў Мінску была зачыненая некалькі гадоў таму. Да яе рэканструкцыі павінны былі прыступіць яшчэ даўно, але будаўнічыя працы чамусьці доўга не пачыналіся. І вось сёння да будынка падагналі экскаватар, які пачаў разбіраць пабудову. Як даведаўся Onliner, рэканструкцыя на справе апынецца практычна поўным зносам.
Гэтая лазня лічыцца найстарэйшай у Мінску, яна была пабудавана ў 1954 годзе і заўсёды карысталася папулярнасцю ў мясцовых жыхароў. Закрыты будынак быў праз аварыйны стан. За ўвесь час свайго існавання лазня не ведала капрамонту.

— У выніку абследавання ў 2015 годзе апорныя канструкцыі былі прызнаныя занадта слабымі, таму яны зносяцца. Ад старога будынка застануцца толькі лесвічныя маршы, падмурак і склеп. Усё астатняе, уключаючы фасад, будзе дэмантавана, — распавялі Onliner ва УП «Гарадскія лазні».

На прадпрыемстве адзначылі, што будынак лазні не з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, таму ніякіх спецыфічных абмежаванняў на знос не было. Праект рэканструкцыі прайшоў экспертызу і ўсюды ўзгоднены.

Будоўля павінна завяршыцца ў верасні 2020 года. Да гэтага часу на месцы старой лазні павінен з'явіцца сучасны лазневы комплекс. Першапачаткова ў праекце быў закладзены новы басейн, аднак ад яго прыйшлося адмовіцца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!