У Міжнародны Чырвоны Крыж накіравалі ліст з абвінавачаннямі беларускай філіі арганізацыі ў парушэнні статуту

Прадстаўнікі беларускай дыяспары пачалі кампанію ў сацыяльных сетках #TyrannyPoisonsRedCross, каб звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на ўдзел Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) у фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі на карысць Лукашэнкі.


Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, у сваю чаргу, звярнулася ў міжнародны офіс Чырвонага Крыжа з заявай па фактах саўдзелу беларускай філіі арганізацыі ў фальсіфікацыях на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, паведамляе «Радыё Свабода».

У дакуменце выклалі факты, якія пацвярджаюць удзел БТЧК у фальсіфікацыях. У прыватнасці, вядома, што падчас выбараў прэзідэнта ў склад участковых выбарчых камісій ад БТЧК увайшлі 2998 чалавек. Пры гэтым 2532 з іх ужо ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах 2019 года, але чвэрць гэтага спісу тады вылучалася ў камісіі ад іншых арганізацый.

На 362 участках, дзе працавалі прадстаўнікі БТЧК, платформа «Голас» даказала факты фальсіфікацый — колькасць фота бюлетэняў з галасамі за Святлану Ціханоўскую перавысіла колькасць залічаных за яе галасоў у пратаколах, падпісаных чальцамі камісій.

У лісце да Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа тры асноўныя просьбы:

  • Разгледзець прыкладзеныя матэрыялы аб парушэнні БТЧК прынцыпаў нейтральнасці і незалежнасці, дэклараваныя Міжнародным рухам Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца;
  • Ліквідаваць фінансавую падтрымку БТЧК і накіраваць сродкі непасрэдна людзям, якія жывуць у нястачы;
  • Прыпыніць сяброўства БТЧК у Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама Міжнародным руху арганізацыі да таго часу, пакуль беларуская філія не дакажа сваю адпаведнасць прынцыпам руху.

Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка не разумее, чаму Міжнародны Чырвоны Крыж (МЧК) выкарыстоўваецца ў Беларусі ў якасці палітычнай прылады. У сваім тэлеграм-канале Латушка заявіў, што беларускую арганізацыю выкарыстоўвалі для фальсіфікацыі выбараў, а цяпер выкарыстоўваюць для напаўнення «пустога замежнапалітычнага парадку дня».

«Пакуль у Міністэрстве замежных спраў праходзяць сустрэчы з усмешкамі чыноўнікаў МЧК, у турмах у перапоўненых камерах ад катаванняў і рэпрэсій пакутуюць сотні палітычных вязняў, працуе канвеер арыштаў у дачыненні да дзясяткаў тысяч беларусаў. Тысячы беларусаў гінуць праз бяздзейнасць ардэнаносных міністраў аховы здароўя і іх начальнікаў, якія ўтойваюць праўду пра маштабы пандэміі ў Беларусі».

Латушка задаў пытанне, ці сапраўды гэта ўсё можна назваць пазітыўнай старонкай гісторыі Міжнароднага Чырвонага Крыжа ў цэлым і яго дзейнасці ў Беларусі ў прыватнасці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: