У МУС распавялі пра ID-карты, якія ўвядуць у Беларусі з 1 верасня

Пра нюансы ўвядзення біяметрычных дакументаў распавёў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС палкоўнік міліцыі Аляксей Бягун.
Выдаваць ID-карты (пластыкавая карта для карыстання ўнутры краіны) і біяметрычныя пашпарты (сінія кніжачкі для выезду за мяжу) у Беларусі пачнуць з 1 верасня 2021 года.

Стары парадак выдачы і абмену пашпарта пасля гэтага таксама застанецца. Чалавек зможа выбраць: атрымаць звыклую кніжачку або перайсці на сучасную ID-карту. Абодва дакументы мець не атрымаецца: альбо тое, альбо іншае. Але калі вы ўжо аформіце пластык, то вярнуцца да папяровага варыянту стане немагчыма.

А вось усе замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства з 1 верасня будуць атрымліваць толькі біяметрычныя пасведчанні на права жыхарства і праязныя дакументы для выезду за мяжу.

Адрозненне цяперашняга пашпарта ад біяметрычнага ў тым, што новая сіняя кніжка патрэбная будзе толькі для выезду за мяжу.

Ёсць і вонкавыя адрозненні: даныя ўладальніка размесцяцца на першай старонцы, а не на задняй вокладцы. Плюс у ёй усе лісты прызначаныя для віз і адзнак аб перасячэнні мяжы.

Уладальнік ID-карты зможа атрымаць адразу два біяметрычныя пашпарты. Так, калі адзін забяруць для афармлення візы, чалавек зможа выязджаць за мяжу па другім.

Таксама новы пашпарт дазволіць выкарыстоўваць у аэрапортах электронныя вароты (гейты) — гэта значыць, праходзіць сістэму кантролю без асабістага кантакту з кантралёрам.

Для афармлення першай карты трэба звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства. Затым (калі страціце дакумент ці ён стане непрыдатным) замену можна будзе запытаць у любым падраздзяленні ГіМ па краіне. Біяметрычны пашпарт атрымліваецца ў любым падраздзяленні ГіМ, дзе чалавеку зручна.

ID-карта будзе каштаваць 1,5 базавай велічыні, біяметрычны пашпарт — 2 БВ. Але для некаторых асоб (непаўналетнія, пенсіянеры, інваліды I і II групы) прадугледжаны льготныя стаўкі дзяржпошліны: 1 і 1,5 БВ.

Паўналетнім дакументы новага ўзору будуць выдаваць на дзесяць гадоў, а дзецям, якія не дасягнулі 14-ці гадоў, — выключна на пяць гадоў.

У МУС плануюць, што для візітаў у краіны ЕўразЭС (Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія) чалавеку з ID-картай біяметрычны пашпарт не спатрэбіцца. Хутка МУС і МЗС пачнуць перамовы па прызнанні карт паўнавартасным дакументам для ўезду і кароткатэрміновага знаходжання на тэрыторыях названых дзяржаў. Гэта будзе працаваць і ў адваротны бок.

Ці не разглядалі  ў МУС практыку Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, якія замест адбіткаў пальцаў робяць здымак райкоў вачэй?

Некаторыя бачаць за біяметрычнымі дакументамі пераход да татальнага кантролю з боку дзяржавы. У МУС пярэчаць: татальны кантроль мае на ўвазе прымусовы пераход на дакументы новага ўзору, у беларусаў жа пакуль будзе альтэрнатыва. Калі пакуль не давяраеце — можаце застацца са старым папяровым пашпартам.

ID-карта — гэта пластыкавая смарт-карта, якая нагадвае пасведчанне кіроўцы. На ёй будуць фота, імя і прозвішча, дата нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар, грамадзянства, пол уладальніка, месца нараджэння, нумар, тып, дата выдачы і тэрмін дзеяння дакумента, а таксама код (зашыфраваная назва) органа, які яго выдаў.

На картку таксама нанясуць QR-код, які дазволіць з дапамогай праграмнага забеспячэння аператыўна атрымліваць даныя.

На інтэгральную мікрасхему (счытваецца толькі спецтэхнікай) змесцяць гэтыя ж звесткі і біяметрычныя даныя (фотаздымак і адбіткі пальцаў). Плюс у чып ушыюць электронны лічбавы подпіс, дзякуючы чаму чалавек зможа анлайн здзяйсняць юрыдычна значныя дзеянні (напрыклад, на партале Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг замовіць даведку з падатковай або пропуск для ўезду і знаходжання ў пагранзоне).

А вось звесткі пра месца рэгістрацыі, дзяцей, шлюб знікнуць з унутранага пашпарта. Іх можна будзе атрымаць з інфармацыйных сістэм МУС бясплатна толькі па запыце зацікаўленага органа або пры згодзе асобы, выказанай у электронным выглядзе.

Паводле mvd.gov.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: