У нас адзін з лепшых законаў аб бежанцах

Але ці паедуць масава ў Беларусь учекачы? Ці гатовыя нашы людзі талерантна да іх адносіцца?
Валянціна Мастаўлянская, намеснік дырэктара Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка”

Валянціна Мастаўлянская, намеснік дырэктара Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка”

 

Да вырашэння праблемы ўцекачоў актыўней задзейнічаюць і беларускіх настаўнікаў і выкладчыкаў. У Мінску наладзілі двухдзённы семінар для спецыялістаў сістэмы адукацыі. Ён прысвечаны не толькі працы з дзецьмі-уцекачамі, але і фармаванню ў грамадстве талерантнага стаўлення да іх.

Арганізатарамі мерапрыемства, якое праводзіцца ўжо другі раз, сталі Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) у Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства адукацыі і Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка”.

У свеце зараз больш за 65 мільёнаў прымусовых перасяленцаў, 21 мільён з іх — бежанцы, палова якіх — дзеці. Такія лічбы агучыў на адкрыцці семінара Жан Іў Бушардзі, прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.

У Беларусі пад нашай абаронай знаходзіцца каля 8600 чалавек, — паведаміў ён. — І разам з урадам Рэспублікі Беларусь мы працуем над тым, каб забяспечыць гэтых людзей бяспечным месцам для жыцця і выхавання сваіх дзяцей. Складана адмаўляць той факт, што за апошнія 20 гадоў свет вельмі змяніўся. Тым не менш, застаецца нязменным тое, што колькасць прымусовых мігрантаў расце. А новыя канфлікты — узяць хаця б украінскі — пастаянна ўзнікаюць і перарастаюць у працяглыя. У гэтых умовах цэнтр “Эўрыка” не толькі дапамог палепшыць жыццё сямей уцекачоў, але і набыў вопыт, якім важна дзяліцца”.

Жан Іў Бушардзі і Марына Мельнік


Марына Мельнік, памочнік па праграмнай дзейнасці прадстаўніцтва УВКБ ААН, адзначыла:

Мы хочам даць практычныя навыкі педагогам у сувязі з тым, што да іх прыходзяць дзеці са статусам уцекача. І многія дагэтуль не сутыкаліся з такімі дзецьмі. Мы хочам даць ім гэтыя веды. А яшчэ распавесці пра канкрэтныя метады працы з беларускімі дзецьмі для выхавання талерантных адносінаў да дзяцей уцекачоў. Ну і, канечне ж, павысіць узровень ведаў саміх педагогаў па гэтай праблеме. Гаворачы аб праекце з “Эўрыкай” па сацыяльнай інтэграцыі і адаптацыі дзяцей уцекачоў, хацелася б пашырыць нашу дзейнасць, вынесці яе за межы Мінска і Мінскай вобласці. І больш актыўна займацца гэтым пытаннем у рэгіёнах.

У семінары бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі. Сярод іх псіхолагі, дырэктары школ, прадстаўнікі ўпраўленняў адукацыі.

Валянціна Мастаўлянская, намеснік дырэктара “Эўрыкі”, распавяла:

19 гадоў наш цэнтр “Эўрыка” працуе з дзецьмі-уцекачамі. І ў нас існуе цэлая сістэма — як працаваць з гэтымі дзецьмі, што для іх арганізоўваць, што для іх будзе карысна, што будзе карысна для беларускіх школьнікаў, якія побач з імі займаюцца і вучацца. Як выхоўваць талерантнасць у беларускіх школьнікаў і як адаптаваць дзяцей уцекачоў.

Наступіў той момант, калі мы можам падзяліцца сваім вопытам. Таму што ў рэспубліцы такога вопыту мала. Праект працы з дзецьмі-уцекачамі існуе толькі ў нас у Мінску і толькі ў нашым цэнтры.

— З уцекачамі з якіх краін вы працуеце?

У асноўным з уцекачамі з Афганістана. Была вялікая колькасць у нас яшчэ хлопцаў з Абхазіі. Але яны ўжо выраслі. Ужо працаўладкаваліся. Па жыцці ў іх усё добра.

У апошнія гады больш становіцца ўкраінскіх дзяцей, каторыя прыехалі з-за канфлікту ва Украіне. Але гэта не дзеці ўцекачоў. Гэта дзеці, якія знаходзяцца пад дадатковай абаронай. І ім прасцей. Яны ведаюць мову, яны ўсё-такі з нашага нядаўняга мінулага, скажам так.

Большасць уцекачоў жывуць у нас у Мінску. Але не даводзіцца чакаць, калі яны раптам масава прыедуць у іншую вобласць. Да гэтага трэба быць гатовымі. Мы павінны ведаць, што рабіць у той ці іншай сітуацыі. І таму ўвесь вопыт, які ў нас ёсць, мы транслюем у рэгіёны. Мы праводзім такі семінар у другі раз. Магчыма, мы будзем рабіць гэта яшчэ. Для таго, каб гэтыя веды праніклі ў кожную навучальную ўстанову нашай краіны.

— Ці чакаць у далейшым наплыву мігрантаў у Беларусь?

Я не думаю, што яны масава сюды паедуць. У першую чаргу ўцекачы накіроўваюцца у тыя краіны, дзе найбольш высокая матэрыяльная дапамога. Гэта не наша краіна.

Але ў нас у Беларусі адзін з самых лепшых законаў аб бежанцах. Ён гарантуе роўныя правы з беларускімі грамадзянамі. Беларускі грамадзянін працуе — мае права на гэта і ўцякач. Беларускія дзеці вучацца — маюць права на гэта і дзеці уцекачоў. Ужо хто гэтымі магчымасцямі як скарыстаецца — іншае пытанне.

Таму, канечне, з пункту гледжання уцекачоў лепш паехаць туды, дзе будуць даваць бясплатную дапамогу. А не там, дзе табе для свайго забеспячэння прыйдзецца працаваць. Але тыя, хто засталіся ў Беларусі, яны не шкадуюць. Таму што яны ўліваюцца ў грамадства. Яны знаходзяць сваю прафесію, іх дзеці вучацца. Яны атрымоўваюць такую ж адукацыю, як і нашы дзеці. Вось сіламі такіх праектаў, як наш, мы іх падтрымліваем, аберагаем іх, можна сказаць, ад знешняга нейкага негатыўнага ўплыву. Таму шмат уцекачоў не будзе, але яны будуць.

— А як беларускае грамадства адносіцца да ўцекачоў? Ці сутыкаюцца яны з негатыўным стаўленнем?

Магчыма дзесьці на побытавым узроўні і сустракаюцца. Але такога, каб гэта было ўзведзенае ў ранг дзяржаўнай праблемы — такой праблемы няма. Мы працуем з дзецьмі. І дзеці дастаткова лёгка знаходзяць агульную мову паміж сабой. І яны цэняць адзін аднаго не па нацыянальных прыкметах, а па асобасных якасцях. А вось для таго, каб яны мелі добрыя асабістыя якасці, мы робім ўсё магчымае. І працай з бацькамі, і стварэннем такіх добрых умоваў, каторыя ёсць у нас у “Эўрыкі” і ў школе.

 

Паводле дадзеных прадстаўніцтва УВКБ ААН, у 2012 годзе ў Беларусі 106 чалавек звярнуліся з просьбамі аб наданні статуса уцекачоў і дадатковай абароны. А ўжо ў 2015-м, у звязку з украінскім канфліктам, — 1246 чалавек. У 2016 годзе — 788. Па колькасці людзей з дадатковай абаронай — на першых месцах  выхадцы з Украіны, Сірыі і Ірака. А са статусам бежанца — з Афганістана, Грузіі і Сірыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: