«У нас забаронена хадзіць з ліхтарыкамі?»

У Мінску ў нядзелю, 10 студзеня, затрымалі цэлую сям'ю. Гэта здарылася ўвечары на вуліцы Леаніда Бяды. Затрыманне трапіла на відэа — на ім бачна, як людзей зацягваюць у машыны невядомыя без апазнавальных знакаў. Бацька, маці і дачка атрымалі ад 15 да 20 сутак арышту. Расказваем, хто гэтыя людзі і як прайшоў суд.

Што гэта за гісторыя

Пра вячэрняе затрыманне на вуліцы Леаніда Бяды TUT.BY распавядае так: невядомыя выскачылі з грамадзянскіх аўтамабіляў і затрымалі некалькі чалавек.

«Штодня людзі з вокнаў у адзін і той жа час свецяць ліхтарыкамі, перакрыкваюцца. Тыя, хто ў гэты момант на вуліцы, таксама далучаюцца. Затрымалі хлопцаў, якія проста свяцілі ліхтарыкамі», — распавяла чытачка.

Затрыманыя — Анжаліка Грамыкіна (52 гады), Аляксандр Самусеў (62 гады), а таксама іх дачка Ксенія Самусева (18 гадоў).

— У Мінску ўжо была ноч. Мама патэлефанавала мне з РУУС і сказала, што іх затрымалі. Гэта здарылася якраз у дзень яе нараджэння, — распавёў Раман, сын Анжалікі Грамыкінай.

Затрыманыя: «проста выйшлі на шпацыр»

11 студзеня мінчукоў, затрыманых на вуліцы Леаніда Бяды, судзілі праз скайп. Самусевы выходзілі на сувязь з ІЧУ на Акрэсціна, у іх быў адвакат. Усіх палічылі ўдзельнікамі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, якія аказалі непадпарадкаванне падчас затрымання (артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП).

Рашэнні на судах прынялі такія: Ксенія Самусева —15 сутак, Анжаліка Грамыкіна — 17 сутак, Аляксандр Самусеў — 20 сутак.

Затрыманыя распавядалі падчас судовых пасяджэнняў: у той вечар у іх дома былі госці. Сям’я іх праводзіла і вырашыла крыху пашпацыраваць.

— Мы ішлі па вуліцы з бацькамі ўтрох. Калі я павярнулася, убачыла машыну без апазнавальных знакаў, — распавяла 18-гадовая Ксенія Самусева. — Праз некалькі секунд на тату ззаду напалі людзі — яны былі не ў форме, не прадставіліся, сталі заломваць рукі, а я крычала: што вы робіце?!. Тату пацягнулі ў іншую машыну, а нас з мамай сталі запіхваць у джып.

Адна з машын, якія ўдзельнічалі ў затрыманні, вось так заехала на тратуар. Фота: t.me/motolkohelp

Дзяўчына распавяла, што моцна спалохалася, пачала задыхацца, страціла прытомнасць.

— Калі я прыйшла ў сябе, нас ужо перагружалі ў іншую машыну, у мікрааўтобус. Людзі былі ў масках, чорнай вопратцы, але я не бачыла ні значка міліцыі, ні знака АМАПУ. Потым нас прывезлі ў РУУС і сталі аглядаць, абшукваць.

Падобным чынам апісвалі ў судзе свае затрыманне і бацькі дзяўчыны.

— Мы ненадоўга апынуліся на вуліцы, мама без шкарпэтак нават выйшла, проста ў ботах. Так, у мяне і мамы з сабой былі ліхтарыкі, але мы жывем у прыватным сектары — у нас цёмна, так што мы часта ходзім з ліхтарыкамі.

У пратаколе адзначаецца, што затрыманыя аказвалі супраціў: «хапаліся за форменнае абмундзіраванне», «упіраліся нагамі».

 — Невядомыя людзі ў звычайным адзенні, не ў міліцэйскай форме, ударылі маму, тату — як я магла проста ўзяць і проста пайсці ў машыну? — пыталася ў судзе Ксенія Самусева.

Адным са сведкаў у судах над сям'ёй быў міліцыянт з Савецкага РУУС. Паводле яго слоў, сілавікі прыехалі, таму што на вуліцы Леаніда Бяды праходзіла несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Маўляў, была група «ад 10 да 20 чалавек», якія разбегліся па дварах. Супрацоўнік міліцыі дадаў, што ў затрыманні не ўдзельнічаў, але быў на месцы, у міліцэйскай форме. 

На відэа, якое даслалі чытачы, масавага мерапрыемства не відаць.

 

Сын затрыманых: «айчым робіць валёнкі, праца стала ў самы сезон»

Айчым Рамана, Аляксандр Самусеў — шапавал. Ён ужо шмат гадоў займаецца вырабам валёнак з натуральнай воўны, адзін з нямногіх, хто робіць іх уручную.

— Заказы прыходзяць нават з далёкага замежжа, напрыклад, з ЗША, Канады. Не раз да яго ў майстэрню прыязджалі рэпарцёры з СТВ і БТ і бралі інтэрв'ю. Мама дапамагае айчыму ў дэкоры і ўпакоўцы валёнак, — распавёў Раман. — Пасля затрымання, вядома, уся іх праца стала, нягледзячы на тое, што цяпер самы сезон. Сястра толькі скончыла школу, цяпер вывучае Motion Design. Больш за ўсё трывожымся, як яна перанясе арышт. У яе ёсць праблемы са здароўем, а цяпер перажыла моцны спалох.

Малады чалавек упэўнены, што яго блізкія не зрабілі нічога супрацьпраўнага.

— У Мінску цяпер забаронена па вуліцах хадзіць з ліхтарыкамі? Вядома, гэта сітуацыя чаканая, асабліва з улікам таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі, але неяк ужо занадта шмат пытанняў. Мы да апошняга спадзяваліся на лепшы зыход гэтага непаразумення. І, вядома, рашэнне суда шакавала. Да гэтага часу не верыцца, — кажа Раман.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: