У Наваполацку перадумалі будаваць кацёл для спальвання нафтавага коксу

Міністэрства энергетыкі адказала на петыцыю навапалачан, якія заклікалі спыніць пабудову катла па спальванні нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ. Мінэнерга паведамляе, што паінфармавала Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь «аб немэтазгоднасці ў існых умовах далейшых работ па рэалізацыі праекту».

Комплекс запаволенага каксавання. 2018 год. Фота: belchemoil.by

«Улічваючы, што Наваполацкі рэгіён з'яўляецца адным з экалагічна неспрыяльных у краіне, спатрэбіцца прыняцце адпаведных праектных рашэнняў і дадатковых прыродаахоўных захадаў, што прывядзе да істотнага падаражэння праекту будаўніцтва катлаагрэгата для спальвання нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ.

Улічваючы выкладзенае і беручы пад увагу выяўленае пры правядзенні грамадскіх абмеркаванняў нэгатыўнае стаўленне грамадзянаў і мясцовай выканаўчай улады, Мінэнерга інфармавала Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб немэтазгоднасці ў існых умовах далейшых работ па рэалізацыі праекту па спальванні нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ», – гаворыцца ў адказе намесніцы міністра энергетыкі Вольгі Пруднікавай.

«Выдатная навіна: Наваполацак адбіўся ад пабудовы катла па спальванні нафтавага коксу!» – адрэагаваў на паведамленне Мінэнерга праваабаронца і актывіст кампаніі «За чыстае паветра Наваполацку» Дзмітрый Салаўёў. 



У 2019 годзе актывісты і эколагі збіралі подпісы пад некалькімі электроннымі зваротамі ў дзяржаўныя органы, пратэстуючы супраць праекту спальвання коксу на Наваполацкай ЦЭЦ. Пад першай петыцыяй «Прадухілім экалагічную катастрофу ў Наваполацку» падпісалася амаль 1800 чалавек. У тым ліку дзякуючы такой актыўнасці грамадскія абмеркаванні справаздачы аб АУНА гэтага праекту былі прыпыненыя.

Агульныя выдаткі рэалізацыі праекту маглі скласці больш за 1 млрд долараў. Экалагічныя ж наступствы меркаванага будаўніцтва маглі быць сапраўды катастрафічнымі.

Паводле Змітра Міраша, vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!