У некаторых бальніцах прыпынілі планавую шпіталізацыю

У Мінску, як і раней у Брэсцкай вобласці, часова прыпынілі планавую шпіталізацыю ў бальніцы. Гэта не тычыцца пацыентаў анкалагічнага профілю. Экстраная дапамога, як і належыць, аказваецца неадкладна і ў поўным аб'ёме.
Начальнік аддзела спецыялізаванай медыцынскай дапамогі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ірына Дрозд пацвярджае: з 2 сакавіка ва ўсіх клініках Мінска часова прыпынілі планавыя шпіталізацыі. Рашэнне не закранула толькі планавыя шпіталізацыі анкалагічнага профілю. Гэта зроблена, каб папярэдзіць пагаршэнне эпідэміялагічнай сітуацыі з-за сезоннага ўздыму вострых рэспіраторных інфекцый.

— Экстраныя шпіталізацыі ніхто не адмяняе. У кожным аддзяленні ёсць планавыя шпіталізацыі, але іх меншасць, экстраных нашмат больш. Так, у нас ёсць аддзяленні, дзе толькі планавыя шпіталізацыі, напрыклад касметычныя працэдуры. Але гэта ўсё можа пачакаць.

Планавай шпіталізацыяй, напрыклад, лічыцца замена суставаў. Пытанне з кардыялагічным пацыентамі абяцаюць вырашаць індывідуальна.

— Калі чалавек захварэе віруснай інфекцыяй падчас планавай шпіталізацыі, яму ўсё роўна не будуць рабіць гэтую аперацыю і выпішуць дадому, — тлумачыць важнасць прынятай меры Ірына Дрозд.

Раней паведамлялася, што 29 лютага ў шпіталях Брэсцкай вобласці, каб не дапусціць распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, таксама ўвялі часовае абмежаванне на планавыя шпіталізацыі ў стацыянар. Гэта не тычыцца пацыентаў анкалагічнага профілю і тых, хто мае патрэбу ў высокатэхналагічных аператыўных умяшаннях. Экстраная дапамога, як і належыць, аказваецца неадкладна і ў поўным аб'ёме.

Таксама па ўсёй краіне абмежавалі наведванне бальніц роднымі пацыентаў.

Сітуацыя з каронавірусам у Беларусі

28 лютага Міністэрства аховы здароўя паведаміла аб тым, што ў Беларусі пацверджаны першы выпадак захворвання каронавірусам. 27 лютага тэсты, праведзеныя ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, паказалі наяўнасць каронавіруса 2019-nCoV у аднаго са студэнтаў з Ірана. Ён навучаецца ў БНТУ. Разам са студэнтам былі шпіталізаваны яго дзяўчына, яе бацькі і сястра. Акрамя таго, у бальніцу трапілі 26 аднагрупнікаў хлопца і 7 выкладчыкаў.

У бацькі нявесты студэнта з Ірана адзін з тэстаў паказаў «сумніўны вынік» — ён стаў другім пацыентам з каронавірусам.

1 сакавіка ў адным з тэстаў, якія былі выкананы ў беларускі з Віцебска, выяўлены фрагмент РНК, які можа належаць тыпу каронавіруса 2019-nCoV. Беларуска і двое яе калегаў прыбылі з Італіі. Дадзенай пацыентцы праводзіцца паглыбленая лабараторная дыягностыка. У двух яе калегаў тэсты адмоўныя.

Усяго на каранціне пад наглядам медыкаў, па дадзеных на 2 сакавіка, у краіне знаходзіўся 271 чалавек.

Куды тэлефанаваць пры падазрэннях?

Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя: +375 29 156-85-65, званкі прымаюцца ў працоўныя дні з 8.30 да 13.00 і з 13.30 да 18.00.

Для жыхароў Мінска па пытаннях каронавіруснай інфекцыі адкрыта гарачая лінія ў Мінскай інфекцыйнай бальніцы па нумары +375 17 334-34-68 з 8.30 да 15.00.

Гарачыя лініі ў Віцебску — 8 0212 67-36-44, Полацку — 8 0214 74-39-44, Наваполацку — 8 0214 57-36-44, Оршы — 8 0216 51-34-41 і 51-34-48.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: