У нядзелю 18 кастрычніка ў Мінску — Партызанскі марш (фота, відэа, абнаўляецца)

Чарговая мірная акцыя пратэсту адбываецца ў Мінску і беларускіх гарадах.
У нядзелю 18 кастрычніка ў Мінску і іншых гарадах Беларусі анансавана мірная акцыя пратэсту - Партызанскі марш. Мінчукі плануюць сабрацца ў цэнтры горада і прайсці маршам па Партызанскім праспекце да МКАД. Увесь тыдзень перад акцыяй суправаджаўся пагрозлівымі заявамі ад сілавых органаў аб прымяненні агнястрэльнай зброі да мірных дэманстрантаў.

Раніцай 18 кастрычніка ў горадзе заўважана спецтэхніка, сілавікі са зброяй. Ачэплена стэла і плошча Незалежнасці. Карыстальнікі тэлеграм-каналаў дзеляцца інфармацыяй.

18:00 Марш скончаны.
Каля запраўкі сілавікі пачалі затрымліваць людзей, схапілі каля 10 чалавек, за адным хлопцам гналіся, пералазячы праз плот


17:40 Асноўная калона дайшла да канца праспекта Ракасоўскага і звярнула на Малініна ў бок Чыжоўкі. Людзі паступова разыходзяцца. Дзе-нідзе працягваюцца затрыманні.



17:30 На скрыжаванні Ракасоўскага і Васнецова вялікія групы людзей са сцягамі. Ад скрыжавання ў кірунку «Чыжоўка-Арэны» калона дэманстрантаў у некалькі тысяч чалавек заняла праезную частку

У 17:20 запрацавалі ўсе станцыі метро, пра гэта інфармуе метрапалітэн.


17:10 Галава калоны, якая рушыла ў Серабранку, зараз на Ракасоўскага ля крамы «Палессе», хвост — ля «Гіпа», што на рагу з Ванеева


16:50 На «партызанскім» маршы ў Менску заўважылі сьпевака Макса Каржа.
Калёна тым часам павярнула на Ванеева ў бок Серабранкі, ужо падыходзіць да аўтавакзала «Ўсходні»
Галава калоны прыпынілася ля Усходняга аўтавакзала на Ванеева і звярнула на Ракасоўскага ў бок Серабранкі. Уздоўж Партызанскага праспекта ў розных месцах людзі становяцца са сцягамі ў жывыя ланцугі, іх вітаюць аўтамабілісты. 


16:40 Аўтамабільны рух па Партызанскім праспекце ў бок кальцавой дарогі па-ранейшаму перакрыты. У раёне Мотавелазавода сілавікоў зараз столькі, што яны занялі сваім транспартам тры паласы з чатырох.
Насупраць універсама «Беларусь» аўтобусы сілавікоў стаялі шчыльным шэрагам на дарозе. Калі да іх наблізілася калона дэманстрантаў, якая рушыла назад у цэнтр горада, сілавікі, ад’язджаючы, кідалі ў бок пратэстоўцаў піратэхнічныя прылады, былі чутныя выбухі.



Калона ўжо дайшла па Партызанскім праспекце да плошчы Ванеева і звярнула налева, у бок МотаВелаЗавода

16:20 Калона развярнулася і пайшла ў накірунку плошчы Ванеева. У спіны людзям паляцелі светлашумавыя гранаты.

Закрыты станцыі менскага мэтро «Трактарны завод», «Партызанская» і «Аўтазаводзкая», па-ранейшаму закрытыя «Пралетарская» і «Першамайская»

Пачалося сілавое супрацьстаянне, перадае @onlinerby. У сілавікоў паляцелі нейкія прадметы. Чуваць хлапкі, падобныя на выбухі і на стрэлы. Таксама паведамлялася пра тое, што дэманстранты заблакавалі адну ці некалькі машын з сілавікамі, калі яны збіраліся праводзіць затрыманні.

Як паведамляюць відавочцы, пратэстоўцы заблакавалі праезд машынам сілавікоў і пабеглі на іх. Гэта вельмі напалохала сілавікоў, і тыя пачалі адстрэльвацца.

16:10 Сілавікі перагарадзілі Партызанскі праспект у некалькіх кварталах ад станцыі метро "Аўтазаводская". Тут "Рубяжы", вадамёт і "шчыты".
Таксама відаць калючы дрот, нацягнуты праз дарогу. Але ці то яго не хапіла на ўсю даўжыню ачаплення, ці то сілавікі хочуць, каб пратэстоўцы сышлі з дарогі на тратуар справа.
Галава калёны наблізілася да кардону сілавікоў, які стаяць за скрыжаваньнем з вуліцай Куляшова. У ім 3 вадамёты, аўтазакі, сыстэма «Рубеж», байцы са шчытамі. Большасьць пратэстоўцаў, дасягнуўшы кардону, разьвяртаецца і ідзе назад

16:00 У раёне «Аўтазаводзкай» з боку Кабушкіна сьведкі бачаць вельмі шмат сілавікоў у вайсковай форме без апазнавальных знакаў. Тыя перакрылі дарогу каля дому 86.

Асноўная частка пратэстоўцаў цяпер у раёне мэтро «Партызанская», за ўнівэрмагам «Беларусь» таксама бачаць шмат сілавікоў


15:50 Шэраг аўтазакаў стаіць на вуліцы Куляшова, гэта непадалёк ад Партызанскага праспэкту. Калона дайшла да універмага «Беларусь».


15:35 Хапун на скрыжаванні Партызанскага праспекта і вуліцы Кашавога, людзі разбягаюцца па дварах.
Зараз да асноўнай калоны далучыліся барабаншчыкі, якія ствараюць настрой.
Ціхары ходзяць па пад’ездах дома на Партызанскім праспекце, 19. Што шукаюць — невядома.
Яшчэ адна вялікая калона з тысяч людзей ідзе па Партызанскім праспекце, спрабуючы дагнаць асноўную. У неякі час людзі пабеглі наперад, каб хутчэй далучыцца да калоны.



15:25 Паміж пачаткам Партызанскага праспекта і МотаВелаЗаводам натоўпы людзей ідуць у бок Ванеева па ходніках. Калі на іх шляху з’яўляюцца міліцэйскія бусікі, іх абыходзяць дварамі. Групы людзей спрабуюць дагнаць асноўную калону.

Галава калоны зараз спынілася на плошчы Ванеева. Там перакрыты праспект, стаяць сілавікі. Хвост калоны на рагу з вуліцай Кашавога.



15:10 Галава менскай калёны падышла да скрыжаваньня з вуліцай Кашавога. Тут да яе далучаюцца калёны з іншых раёнаў. Час ад часу галава калёны спыняецца, каб пачакаць іншых.

Шмат людзей сталага веку. Шмат сьцягоў раёнаў — Уручча, Сухарава, Серабранка і іншыя. Журналісты адзначаюць, што многія людзі ў масках, каб засьцерагчыся ад каранавірусу









15:00 Галава калоны зараз ля крамы «Мотавела», хвост — далёка на вуліцы Леніна. Карэспандэнты @nashaniva ацэньваюць колькасць удзельнікаў у дзясяткі тысяч людзей, дэманстрантаў сапраўды мора.

Каля стадыёна "Дынама" затрыманы карэспандэнт газеты "Белорусы и Рынок" Арцём Маёраў.

У бок Партызанскага праспэкту па вуліцы Казлова паехала калёна вайсковай тэхнікі, 


14:50 На пачатку Партызанскага праспэкту пратэстоўцы ўжо займаюць праезную частку. На мосьце на Партызанскі праспэкт каля ГЦ «Ленінград» разгарнулі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг


14:30 ДАІ перагарадзіла вуліцу Леніна ў раёне КЗ «Менск». У раёне вуліц Сьвярдлова, Ульянаўскай, Леніна людзі сьцякаюцца ў бок Партызанскага праспэкту.



14:20 Частка вайсковай тэхнікі, прыгнанай 18 кастрычніка ў Мінск, схавалася на тэрыторыі вайсковай часці на вуліцы Куляшова. там грузавікі, накрытыя брызентам, у якіх возяць вайскоўцаў. Іншая тэхніка сілавікоў хаатычна перамяшчаецца ўздоўж Партызанскага праспекта. Нам дасылаюць фота міліцэйскіх бусаў ад гасцініцы "Турыст", ад кінатэатра "Ракета", з плошчы Ванеева, са станцыі метро "Магілёўская".

На скрыжаванні Партызанскага праспекта і вуліцы Леніна ўжо ўтварылася калона з сотняў людзей з нацыянальнымі сцягамі. Адусюль на праспект выходзяць дзясяткі і дзясяткі чалавек. Карэспандэнты @nashaniva ацэньваюць агульную колькасць пратэстоўцаў зараз у тысячу чалавек.

14:10 Першыя затрыманні ля станцыі метро «Партызанская». Імаверна, затрымліваюць супрацоўнікі ГУБАЗіКа, яны кінуліся праз дарогу за маладымі людзьмі.

13:50 У Мінску адключылі мабільны інтэрнэт.

13:20 Сілавікі канцэнтруюцца ў дварах і на вуліцах, якія прымыкаюць да Партызанскага праспекта, дзе сёння мусіць адбыцца пратэставы марш. Але не толькі. Таксама яны стаяць у раёне выставачнага комплексу "БелЭкспа" на праспекце Пераможцаў, а гандлёвы цэнтр Galleria на Нямізе, у ваколіцах якога звычайна збіраліся пратэстоўцы, сёння не працуе. Мінскі метрапалітэн паведамляе, што з 13:15 закрытыя на ўваход і выхад станцыі "Плошча Леніна" і "Кастрычніцкая" на першай лініі метро і "Няміга", "Купалаўская", "Першамайская" і "Пралетарская" на другой лініі метро. Цягнікі праходзяць гэтыя станцыі, не спыняючыся.

А тым часам у мінскіх дварах - барабаны.


13:00 Марш яшчэ не пачаўся, а ўлады ўжо рыхтуюцца. На Кабушкіна, каля станцыі метро «Аўтазаводская», па дварах стаіць куча бусікаў з АМАПам. Каля ваеннай часткі - вадамёт і жоўтыя аўтобусы, штук 6. Усе хаваюцца па дварах. У чатах Серабранкі пішуць, што Партызанскі раён нашпігаваны сілавікамі як шпроты. На Ванеева, там дзе МТЗ, у дварах засада на засадзе.

Гандлёвы цэнтр «Галерэя» сёння не працуе. Размешчаныя побач фірмовая крама «Камунарка» і дысконт-цэнтр «Рамонак» па тэхнічных прычынах не працуюць з 14.00 да 17.00. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: