У Новы год з «Новым Часам». Разам — да новай Беларусі!

Шаноўныя чытачы! На працягу года мы імкнуліся рабіць сваю працу сумленна і з кожным нумарам прыносіць у ваш дом не толькі свежую інфармацыю, але і надзею на лепшую будучыню для нашай краіны. Нам хацелася, каб кожны нумар «Новага Часу» даваў вам новыя веды і прымушаў задумацца над тым, што адбываецца ў Беларусі і ў свеце. Спадзяемся, у нас гэта атрымлівалася.

На жаль, «Новы Час» застаўся фактычна адзінай грамадска-палітычнай газетай на роднай мове, што сёння яшчэ выходзіць у Беларусі. І адным з нешматлікіх папяровых выданняў, якія перажылі гэты год. Нашы калегі з «Народнай волі», «Свабодных навінаў», «Белгазеты» былі вымушаны прыпыніць выхад папяровай версіі — упершыню за некалькі дзесяцігоддзяў.

Мы яшчэ выходзім, пакуль «Новы Час» ёсць у падпісным каталогу РУП «Белпошта», і свежы нумар штопятніцу можна набыць у шапіках РУП «Белсаюздрук». Дзякуй вам, што нас падтрымліваеце, купляеце і чытаеце. Дзякуй, што пішыце нам лісты і дзеліцеся сваімі думкамі. А мы вельмі цешымся тым, што маем гонар дзяліцца з вамі нашымі думкамі.

Гэты год быў няпросты для нас, няпросты для ўсіх незалежных журналістаў у нашай краіне. З пачатку жніўня журналістаў затрымлівалі 382 разы, 62 разы да іх ужываўся фізічны гвалт, тры журналісты атрымалі раненні, 79 журналістаў агулам адбылі за кратамі больш за 360 сутак. Дасюль у Беларусі за кратамі застаюцца 6 незалежных журналістаў, а тры з іх — смелыя і прыгожыя дзяўчаты Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова і Кацярына Барысевіч — падазраваныя ў крымінальным злачынстве толькі за тое, што сумленна выконвалі сваю працу.

Такім жа няпростым быў гэты год і для вас, нашы шаноўныя чытачы. Мы ведаем, што шмат хто з вас таксама аказаўся пад катком рэпрэсій. Некаторыя з вас адбывалі адміністрацыйныя арышты, сплачвалі несувымерныя штрафы. А некаторыя чытаюць газету за кратамі.

Але нягледзячы на рэпрэсіі, гвалт і кроў, гэты год мы запомнім перш за ўсё нашай неймавернай салідарнасцю, гатоўнасцю дапамагчы і падтрымаць адзін аднаго, што б ні здарылася.

Мы рады, што былі гэты год з вамі і змаглі распавесці пра ўсё, што ведалі і бачылі. Нам вельмі прыемна, што вы былі гэты год з намі, набывалі нас у шапіках, выпісвалі на пошце. Спадзяемся, што ў Новы год вы прыйдзеце з «Новым Часам», а разам мы нарэшце дойдзем да новай вольнай і дэмакратычнай Беларусі.

Шчыры вам дзякуй!

Наш падпісны індэкс: 63279 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: