У новым Палацы правасуддзя ў Брэсце жорстка збілі наведніка

Канстанціна Турчаняка білі сямёра міліцыянтаў. 13 жніўня той прыйшоў на суд над праваабаронцам Раманам Кісляком. Цяпер Канстанцін у бальніцы.
Брэсцкі Палац правасуддзя

Брэсцкі Палац правасуддзя

Са словаў брата Дзяніса, Канстанцін зайшоў у залу да пачатку пасяджэння. Там да яго падыйшлі двое міліцыянтаў у масках. Вывелі на калідор і за дзвярыма на службовую лесвіцу пачалі біць. Апусціліся ў канвойнае памяшканне ў падвале, там далучыліся яшчэ пяцёра. “У нецэнзурнай форме запатрабавалі стаць на калені, калі адмовіўся, прынеслі гумовыя дручкі і пачалі збіваць імі і нагамі. Білі па нырках і галаве. Гэта тое, што помню, бо некалькі разоў я млеў. Адзін спрабаваў задушыць”, — цытую заяву Канстанціна Турчаняка па інстанцыі канвойных са старонкі яго брата ў сеціве.

Як сказаў Дзяніс Турчаняк, увечары Канстанціна шукала маці, аднак у Ленінскім РАУС адмаўлялі затрыманне, хоць сын быў у іх. “Тры гадзіны ляжаў на бетоннай падлозе”, — пераказвае словы брата Дзяніс. Потым яго забрала хуткая, перанакіравалі ў Брэсцкую абласную бальніцу.


14 жніўня Дзяніс Турчаняк спрабаваў вызначыць асобаў, якія ўчынілі такое бязмежжа. Але была толькі прынятая заява. Зняць пабоі нават за плату не атрымалася. “У судмедэкспертызе па вуліцы Піянерскай перанакіравалі да іхняга начальніка, а той спаслаўся на тэлефанаванне з Мінску, каб прыпынілі платную судмедэкспертызу, маўляў, занадта вялікая хваля патрэбы”, — патлумачыў Дзяніс Турчаняк.

Да таго ж, такая экспертыза вымагае накіравання ад органаў МУС. Ці гэта не сітуацыя “Вось паб’ю да паўсмерці і не дам нічога даказаць”?
Па стану на 15 жніўня Канстанцін Турчаняк можа павольна хадзіць, але скардзіцца на тое, што цяжка дыхаць, і на болі ў галаве. Паводле ўласнай інфармацыі, у новым Палацы правасуддзя ў Брэсце, апранутым у дарагі граніт, адных люстраў на 125 тысяч еўра. Але іх святла, відавочна, мала, каб прабіць такую густую праўную цемру праваахоўнікаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: