У офісе інфармагенцтва БелаПАН прайшоў вобшук (абноўлена)

Побач з офісам знаходзіцца мікрааўтобус з танаваным шклом і хуткая. Супрацоўнікі, якія мусяць быць у офісе, не адказваюць на званкі.

Верагодна, гэта аўтобус сілавікоў, якія праводзяць вобшук у офісе БелаПАН

Пазней на месца падзеі прыехала машына хуткай дапамогі, у якую адвялі супрацоўніцу БелаПАН Тацяну Бублікаву.

У сваім фэйсбуку Бублікава распавяла, што ў яе падняўся ціск, таму яе забралі медыкі. Яна паведаміла, што ператрус праходзіць у межах крымінальнай справы, якую завялі напярэдадні супраць былога супрацоўніка рэдакцыі Андрэя Аляксандрава. Аляксандраў цяпер знаходзіцца ў турме на Акрэсціна.

А 14.15 адвакат Сяргей Зікрацкі зайшоў у будынак, дзе знаходзіцца рэдакцыя, але яго не ўпусцілі ў офіс.

Следчыя дзеянні пачаліся без адваката, паведаміў Сяргей Зікрацкі, які абараняе інтарэсы журналістаў. Ён сказаў, што падыйшоў да дзвярэй офісу, прадставіўся, але яго не пусцілі, паколькі следчыя дзенні пачаліся. Адвакат збіраецца чакаць на вуліцы пад дзвярыма будынку, спадзяецца дапамагчы журналістам.

Галоўная рэдактарка агенцтва Ірына Леўшына паведаміла, што ніхто з журналістаў, якія павінны быць у рэдакцыі ў гэты час, не выходзіць на сувязь. Леўшына паведаміла Свабодзе, што рэдакцыя працуе дыстанцыйна, яна не мае кантактаў з калегамі ў офісе і накіроўваецца туды. Потым яна патрапіла ў рэдакцыю, дзе былі іншыя журналісты і сілавікі.

Дырэктар БелаПАН Дзьмітры Наважылаў скідвае тэлефанаванні.

У 15.30 ператрус скончыўся, нікога з супарцоўнікаў агенцтва не забралі. Сілавікі забралі некаторую тэхніку і жосткія дыскі кампутараў.

Нагадаем, 12 студзеня быў затрыманы журналіст, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў. Ён затрыманы ў межах крымінальнай справы, якую распачало ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску. Пра гэта распавяла адвакат журналіста.

Іншых падрабязнасцяў (нават артыкул Крымінальнага кодэкса) адвакат не паведаміла. З яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні, паведамляе БАЖ.

Аляксандраў у 2015-2018 гадах працаваў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.
БелаПАН — адзінае ў Беларусі недзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва.

Некалі Лукашэнка на адной з сустрэчаў з беларускімі журналістамі назваў БелаПАН «не самым кепскім інфармацыйным агенцтвам».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: